А я, дурны, тады ўзяў у галаву, што трэба дзяўчатак бліжэй пазнаёміць, каб яны пасябравалі, а потым, калі да Лізы прывыкнуць і Ірына, і Лерачка, можна будзе і ўдачарыць сірату. Пасля гэтага жонка, канешне, яшчэ больш упэўніла сябе ў тым, што Ліза – мая пазашлюбная дачка. І не было ў той час у мяне магчымасці даказаць, што яна памыляецца. Нават у нашым ваенным шпіталі не рабілі тады экспертызу для выяўлення бацькоўства…
На балконе, на дзіва, стала прахалодна. Вераніка, апранутая ў лёгкі сарафан, пачала дрыжаць, а мо дрыжала зусім і не ад прахалоды. Але яна не хацела ісці ў нумар па кофту: баялася перарваць споведзь суседа. Вераніка ўзяла свой пляжны ручнік, які сушыўся на вяроўцы, і ахінула ім плечы, а другі ручнік, мужаў, паклала сабе на голыя ногі.
– Але ж я не толькі Ірыну і Лерачку збіў з панталыку, – працягваў свой аповед сусед. – Ліза таксама ўспрымала мяне як роднага бацьку. І чым далей, тым больш цёплымі станавіліся нашы адносіны. Якія б праблемы ў яе не ўзнікалі, заўсёды бегла да мяне. А падлеткам стала – патрэбы выраслі: то кофтачку новую просіць, то туфлікі, то паліто… Бабуля на сваю пенсію і дзяржаўную дапамогу наўрад ці магла яе модна апранаць. Жонка ж мая, як толькі пра абноўкі для Лізы даведвалася, адразу гвалт усчыняла!..
І я, каб мець лішнюю капейку для сіраты, за розныя халтуркі браўся. Зразумела, стаматолагу праца заўсёды знойдзецца… Вось і ў гэтым санаторыі я з года ў год жыву, бо палова камандавання ваеннай акругі ходзіць з зубамі, якія я паставіў, і працы мне не змяншаецца. Каб хацеў, даўно б у сталіцы служыў. Але ж я ў родным горадзе жыву… Так што многія сталічныя начальнікі па прыгожыя зубы самі да мяне ездзяць…
Было ўжо далёка за поўнач. Усе вокны ў іхнім корпусе даўно згаслі. Вераніка з доктарам сядзелі ў поўнай цемры. І толькі ўдалечыні, на моры, па-ранейшаму поўзалі светлякі – прагулачныя цеплаходы.
– Школу абедзве дзяўчынкі скончылі амаль што на «выдатна». І вось тут упершыню ў мяне адбыўся канфлікт з Лізай. Лерачка адвезла дакументы ў Кіеў, у медыцынскі інстытут. Ліза таксама хацела туды паступаць. А дзе ўзяць грошы на вучобу?.. Левымі заробкамі тут ужо не абыдзешся. Мая Ірына ўперлася: «Грошай на Лізу траціць не дазволю! Хай падзякуе, што цягнулі яе да заканчэння школы, дапамагалі і карміць, і апранаць!.. Цяпер няхай атрымлівае прафесію і сама зарабляе сабе на жыццё». Ну, што казаць – мела жонка рацыю, але ж гэта маё гіпертрафіраванае пачуццё доўгу, маўляў, я ж слова гонару нябожчыцы даў, таму абавязаны!.. Ды і перад Лізай было сорамна, я ж сам