Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: История
Год издания: 2015
isbn: 978-985-15-0288-8
Скачать книгу
прадаць крыж у Швецыю.)

      У розныя часы пошукамі нацыянальнай святыні займаліся нашы вядомыя вучоныя Ееоргі Штыхаў і Адам Мальдзіс, журналіст Алесь Лукашук, першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка…

      Рэліквію вырашыў пашукаць і супрацоўнік Эрмітажа Бебут Шаўкоўнікаў. Гэты прадпрымальны чалавек прыватна паехаў у ЗША, імкнуўся там пранікнуць у Морганаўскія зборы, але выявіў празмерны імпэт, трапіў на падазрэнне, і ў адзін цудоўны дзень некалькі маладзёнаў атлетычнага выгляду ветліва прапанавалі яму ўгамавацца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі вяртання дадому. На жаль, дадаць да маіх слоў спадар Шаўкоўнікаў нічога не можа, бо ўжо пакінуў гэты свет.

      Лёс крыжа святой Еўфрасінні не пакідаў абыякавай і беларускую дыяспару. У Нью-Ёрку мне давялося гутарыць з Антонам Шукялойцам, які ў свой час узначальваў Мінскі гістарычна-мастацкі музей. Ці не апынуўся крыж, як ходзяць чуткі, у Аўстраліі? Ці не разабралі яго, каб паасобку прадаць золата, срэбра і каштоўныя камяні з эмалямі?

      Як мяркуе спадар Шукялойц, шэдэўр Лазара Богшы вывезлі на ўсход. Да яго даходзілі весткі, што крыж бачылі ў адным з маскоўскіх музеяў. Версія пра разбор крыжа на часткі малаверагодная, бо кошт яго золата і камянёў параўнаўча невялікі. Галоўная вартасць крыжа для яго магчымых гаспадароў у тым, што гэта – высокамастацкі твор.

      У пошуках полацкага крыжа (сёння да іх падключаны і Інтэрпол) выкарыстоўваліся таксама нетрадыцыйныя сродкі кшталту зваротаў да вядомых экстрасэнсаў Трое з іх, у тым ліку і сусветна знакамітая балгарка Ванга, выказалі ўпэўненасць, што наша рэліквія цэлая і раней ці пазней будзе знойдзеная.

      Калі? Можа, тады, калі мы, беларусы, будзем заслугоўваць вяртання свайго Жыватворнага крыжа?

      У расследаванні загадкавай гісторыі крыжа Еўфрасінні нямала зрабіў супрацоўнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Магілёўскай вобласці Сяргей Багдановіч. У 1997 годзе газета «Рэспубліка» змясціла яго артыкул пад красамоўнаю назваю «I ўсё ж след вядзе на ўсход». Там выкладзеная найбольш верагодная, на думку С. Багдановіча, версія. Жыхар Магілёва Пётр Паддубскі ўпэўнены, што менавіта ён на пачатку вайны вывозіў на сваёй машыне музейныя каштоўнасці разам з крыжам святой Еўфрасінні на ўсход.

      У разгар баёў за Магілёў вайсковаму шафёру Паддубскаму загадалі забраць з абкама партыі важны груз. Раніцою 13 ліпеня 1941 года Пётр пад’ехаў да патрэбнага будынку, і некалькі людзей у цывільным узяліся грузіць мяхі і пакункі. Найдаражэйшыя рэчы запакоўвалі ў акутую жалезам скрынку. Паддубскі памятае, як хтосьці з «грузчыкаў» усклікнуў: «Які крыж прыгожы!»

      Наступнае раніцы невялікая аўтакалона спынілася на магілёўскай ускраіне, дзе ў кабіну да Паддубскага. сеў першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка. Далей машыны рухаліся па маршруце Магілёў – Горкі – Смаленск – Мажайск – Масква. Нямецкія самалёты не раз бамбілі іх, але катастрофы ўдалося пазбегнуць. Паводле словаў Паддубскага, у дарозе Панамарэнка часта