Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: История
Год издания: 2015
isbn: 978-985-15-0288-8
Скачать книгу
Такі важны заказ ювелір мусіў выконваць пад наглядам ігуменні, якая, відаць, была аўтаркаю эскіза святыні і зробленага на ёй вялікага надпісу.

      Еўфрасіння хацела мець так званы ўзвіжальны крыж, непасрэдна звязаны з вялікім хрысціянскім святам Узвіжання Крыжа Гасподняга. Гэты святочны дзень, як засведчыў летапісец, супаў з вызваленнем Усяслава Чарадзея ў 1068 годзе з кіеўскай вязніцы. Тым самым, лічыла асветніца, Бог паказаў магутную сілу крыжа і пакараў кіеўскага князя Ізяслава, што парушыў крыжовае цалаванне, падступна захапіўшы яе дзеда Усяслава Брачыславіча ў палон. Той незвычайнай падзеі полацкая ігумення і прысвяціла рэліквію.

      Свой шэдэўр Богша стварыў у 1161 годзе.

      Думаю, што наша нацыянальная святыня – сімвал хрысціянскай духоўнасці і старажытнай дзяржаўнасці беларусаў – вартая падрабязнага апісання.

      Крыж мае шэсць канцоў-промняў што сімвалізуе створаны Богам за шэсць дзён свет.

      Такая форма крыжа, дарэчы, ніколі не была на ўсходнеславянскіх землях пераважнай і найчасцей сустракалася на абшары, населеным продкамі сучасных беларусаў.

      Вышыня рэліквіі каля 52 сантыметраў; даўжыня верхняе папярэчкі – 14, ніжняе – 21, таўшчыня – 2,5 сантыметры. Зверху і знізу дрэва закрывалі дваццаць дзве залатыя пласткі з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і дваццаццю эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям.

      На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Іаана Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання – чацвёра евангелістаў: Іаан, Лука, Марк і Мацвей, на канцах – архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе – патроны (нябесныя апекуны) заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце размешчаныя выявы айцоў царквы Іаана Залатаслова, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стэфана, Дзімітрыя і Панцялеймана. Над кожным абразком часткова грэцкімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпіс.

      У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі Крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай крыві, драбок каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцялеймана ды кроў святога Дзімітрыя. 3 бакоў Богша абклаў дрэва дваццаццю срэбнымі з пазалотай пласткамі, а брыжы пярэдняга боку абвёў шнурком жэмчугу.

      Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з’яўляліся часцінкі Святога Дрэва – крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Паводле задумы Еўфрасінні, святыня павінна была вечна «жыватварыць» душы палачанаў і ўсіх жыхароў роднай зямлі.

      Крыж Еўфрасінні – яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі надпіс каля мошчаў святога Панцялеймана паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сий црькви святаго Спаса и Офросиньи». На пазлачоных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі