Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: История
Год издания: 2015
isbn: 978-985-15-0288-8
Скачать книгу
увойдзе ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясе Полацку пасля Усяслава яго ўнучка Еўфрасіння. Яна стане нябеснаю апякункаю Беларусі, а ў зямным жыцці будзе найадукаванейшай жанчынаю свайго часу ва ўсёй Еўропе, выдатнай асветніцай, якую параўнаюць з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».

      Асветніца з роду Усяслава

      Дзяўчынцы, што нарадзілася ў сям’і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Так звалі яшчэ бабулю ганарлівай Рагнеды. Паводле тагачаснага звычаю, атрыманае адразу па нараджэнні імя пасля хрышчэння магло змяніцца, але маленькая князёўна засталася Прадславаю.

      Яна з маленства чула паданні пра дзеда, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці Полацку. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі – адукаваныя манахі, якія хутка навучылі Усяслававу ўнучку чытаць і пісаць. Падручнікамі служылі Святое Пісанне, жыццяпісы святых…

      Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю жыція – апісання зямнога шляху і духоўных подзвігаў святой. Створыць яго ў канцы XII стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў.

      Пячатка бацькоў Еўфрасiннi Полацкай – князя Святаслава-Георгiя i княгiнi Сафii

      Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей як у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.

      Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым яе аднагодкам. Княжая дачка з малых гадоў вызначалася любасцю да кніжнага слова. У бацькоўскім доме апрача царкоўных кніг яна чытала «Ізборнікі» з выслоўямі і афарызмамі, «Александрыю» – перакладзены з грэцкае мовы раман аб подзвігах Аляксандра Македонскага, вострасюжэтную «Аповесць пра Акіру Прамудрага». 3 кожным годам кнігі, над якімі заседжвалася дзяўчынка ў сваёй святліцы, рабіліся болып глыбокімі і мудрымі.

      Дзяцінства князёўны праходзіла, вядома, не толькі ў бацькавым хораме. Яе вабіла шматгалосае і шматмоўнае торжышча, дзе можна было пачуць гусляра, убачыць «вясёлых людзей» – скамарохаў На пасадзе Прадслава заходзіла да гандляроў і рамеснікаў Пасля цесных хацін простага люду асабліва ўражвалі полацкія храмы і найперш Сафійскі сабор з яго дзівоснымі фрэскамі.

      Ад карміцелькі, нянек, ад маці яна чула абрадавыя песні, замовы і заклёны. Як мы памятаем, дваяверства існавала на Полаччыне нават у княжым асяроддзі. Значыцца, Прадслава добра ведала паганскіх багоў Яе юныя гады немагчыма ўявіць без гуканняў вясны, русалляў, Купалляў і Калядаў.

      У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінулася княжай дачцэ дванаццаць гадоў – трэба збірацца замуж. Пагатоў слава аб Прадславіных прыгажосці і розуме разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацк зачасцілі сваты.

      Аднаго разу князь Святаслаў падняўся ў даччыну святліцу