Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: История
Год издания: 2015
isbn: 978-985-15-0288-8
Скачать книгу
шляхі, па якіх ездзілі купцы ды іншыя падарожнікі.

      Галоўнымі дарогамі былі водныя. Паблізу горада па Дзвіне снавалі невялікія выдлубаныя чаўны-аднадрэўкі. Са стаўбура вячыстае ліпы тым самым спосабам можна было зрабіць лодку, куды змяшчалася некалькі коней з людзьмі. Ішлі па рацэ важка наладаваныя таварам пласкадонныя стругі. Паўсотні ваяроў з рыштункам падымала ладдзя (яны хадзілі пад ветразем і на вёслах). Вялікія ладдзі з палубай і носам, аздобленым выразанай з дрэва звярынай ці птушынай галавой, зваліся насадамі. У сярэднявеччы на беларускіх рэках сустракаліся піраты, якіх называлі расколамі. (Ці не адтуль пайшло жаргоннае слаўцо «раскалоць»?)

      Праз валокі, дзе гандлёвыя караваны пераходзілі з адной рачной сістэмы ў другую, судны перапраўлялі на катках і колах, а невялікія перавозілі на запрэжаных некалькімі конямі калёсах або валакушах. Ездзілі па рэках і на санях, але тыя лёгка беглі адно на пачатку зімы, пакуль завірухі не перагароджвалі ледзяную дарогу сумётамі.

      На высокіх берагах і прыбярэжных узлобках усцяж Дзвіны будавалі «глядзені», адкуль вартавы ўдзень і ўначы сачыў ці не набліжаецца вораг. У выпадку небяспекі загараўся сігнальны агонь, які бачылі з суседняга дазору. Ланцужок агнёў хутка дабягаў да горада, і жыхары бралі ў рукі зброю. Адзін з такіх «глядзеняў» стаяў на ўзгорку каля вёскі Падкасцельцы, што ўвайшла цяпер у межы Наваполацка.

      Ездзілі не толькі рэкамі. Сухаземныя шляхі вялі з Полацка ў Пскоў, Ноўгарад, Менск… Першымі дарожнымі знакамі былі засечкі на дрэвах, а ўзімку – высокія тычкі з жмутком саломы на макаўцы. Закінутая дарога праз нейкія тры дзесяткі гадоў бясследна знікала.

      Рагвалодаў камень з-пад Оршы. Гравюра XIX ст.

      У далёкае падарожжа купцы выпраўляліся абозамі па дваццаць – сорак падводаў, каб лягчэй было бараніцца ад лясных разбойнікаў За дзень абоз праходзіў разы ў тры меней, чым княжая дружына. Адлегласць крывічы вызначалі не толькі вёрстамі, але і даўнейшымі, нязвыклымі нам мерамі – пералётам стралы або попрышчам, у якім была тысяча крокаў.

      Полацкія купцы мелі сваё ўласнае гандлёвае месца ў Кіеве – «у двора Брячиславля». Да 1159 года адносіцца паведамленне пра пачатак рэгулярнага гандлю Полацка з Брэменам. Разам са смаленскімі калегамі палачане мелі сваё прадстаўніцтва ў Рызе. 3 хронік вядома, што ў 1212–1234 гадах там ужо існаваў цэлы «крывіцкі» квартал з праваслаўнай царквой святога Міколы.

      Горад за часамі Усяслава рабіўся значным агменем асветы. Княжых і баярскіх дзяцей манахі вучылі дома. Дзейнічала школа пры Сафійскім саборы. Нямала пісьменных людзей сустракалася і сярод простых гараджанаў. Пра гэта, між іншым, кажуць графіці – зробленыя чым-небудзь вострым надпісы на сценах старажытных будынкаў. Адзін наш зямляк у XII стагоддзі такім чынам увекавечыў сваё імя ў кіеўскай Сафіі: «Войнег писал Журягович полочянин».

      Малюючы тагачаснае жыццё, нельга не сказаць пра вечавыя сходы, што віравалі побач з Сафійскім саборам. Полацкае