Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Я кнігу маю
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2013
isbn: 978-985-562-031-1
Скачать книгу
валасках загарэлых ног, як мы ўзасос цалуемся, а потым, задыхаючыся, любімся то на лазенным палку, то ў замацаваным за нашым класам кабінеце біялогіі, дзе з шафаў за намі ўважліва назіраюць два шкілеты. Мяне (не ў сне, а наяве) заўсёды займала праблема: штучныя гэта шкілеты ці яны калісьці належалі жывым людзям, якія вось гэтымі косткамі елі, пілі і абдымаліся ў ложку. Яшчэ, як памятаю, мы спрабавалі высветліць, ці адрозніваецца чым-небудзь істотным жаночы шкілет ад мужчынскага.

      Прачынаючыся пасля тых сноў, я даваў сабе слова, што не пазней за сёння прапаную Ані ўвечары схадзіць у парк на новы атракцыён «Пятля Несцерава», але па дарозе ў школу падступна выплывала якая-небудзь нявыпраўленая тройка па алгебры або чацвёрка па гісторыі, і дата пачатку рашучых дзеянняў зноў пераносілася.

      Аня была па-жаночаму назіральнай, і ўсё скончылася тым, што аднойчы на перапынку яна сама папрасіла мяне затрымацца пасля заняткаў у кабінеце. На апошнім уроку геаграфіі я ўжо амаль не чуў настаўніка, а думаў, як запрашу яе ў парк, спытаюся, ці чытала яна Эміля Заля, і паведамлю, што яе радзімыя плямкі падобныя да Новай Зеландыі.

      Калі ў кабінеце біялогіі апрача нас засталіся толькі шкілеты, мой сцэнарый быў безнадзейна перакрэслены. Аня – у кароткай жоўтай сукеначцы з тонкім зялёным паяском – узяла мяне за руку і сказала, што я свой хлопец, а таму заўтра павінен прыйсці да яе дадому, дзе маці не будзе, бо яна з’ехала ў Стаўрапаль, а бацька ніколі не хадзіў на бацькоўскія сходы і мяне не ведае, а таму паверыць, калі я скажу, што мой старэйшы брат ідзе ў войска і што ў суботу мы запрашаем яе, Аню, на праводзіны, і мая мама прасіла перадаць, што пакідае яе пад сваю адказнасць начаваць у нас, бо мы жывём ажно ў ФРГ (з нашага тагачаснага слэнгу ФРГ перакладалася як Фэдэратыўная Рэспубліка Грамы і азначала самую далёкую полацкую ўскраіну).

      У мяне ніколі не было ні старэйшых, ні малодшых братоў, але назаўтра я падыходзіў да Анінага дома дакладна ў прызначаны час, бо нарэшце пачалася дыфузія сноў і рэальнасці: на вуснах у мяне гарэў яе ўчарашні, пакінуты пад наглядам шкілетаў і неверагодна смачны ад памады пацалунак з прыкусам, а каламутнае адчуванне таго, што мяне выкарыстоўвалі як хлопчыка на пабягушках, не здольнае было перамагчы грахоўна-салодкага пачуцця дарослай мужчынскай разбэшчанасці, народжанага Аніным абяцаннем разлічыцца са мною адразу пасля выхадных. Я жадаў яе, і пляваць мне было на гэтыя міфічныя праводзіны ў войска і на міфічнага брата, якога звалі Мішкам Яжэвічам, і на вульгарнасць яе абяцанкі, і на папярэджанне, што на двары ў іх злы сабака, які аказаўся ўкормленым ваўкарэзам, ад якога я ледзьве ўратаваўся, кінуўшыся назад у весніцы.

      Анін бацька быў макароннік. Тады італьянцы трапляліся ў нас так рэдка, што макароннікамі называлі выключна прапаршчыкаў савецкай арміі. Па-змоўніцку міргаючы мне, Аня ўтаймавала ваўкарэза і паклікала бацьку. У вялізным калідоры пахла мышамі і нечым ядомым. Пры сцяне стаяў штабель скрынак, на адной з якіх было сапраўды напісана: макароны.