Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Я кнігу маю
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2013
isbn: 978-985-562-031-1
Скачать книгу
мядзведзь ды есць спелыя малінаўкі. Мужык трапіўся няўломак і замест хавацца як гаркне: «Пайшоў на х…!» Але не на таго нарваўся: касалапы адно трохі здзівіўся, а малінаўкі як цюмрыў, так і цюмрыць. Ужо ўся сям’я з ганка мацюкала ляснога госця, а той, каб не заміналі вячэраць, усяго што задам да іх павярнуўся. І толькі калі гаспадар пальнуў угару з дубальтоўкі, адно тады твой верагодны лясны суродзіч дазволіў сабе ўлучыцца, так бы мовіць, у дыялог з чалавекам: зароў, абтрос, схапіўшыся за галіны, усю яблыню, а потым саскочыў долу ды давай шпурляць яблыкамі па хаце, пакуль не павыбіваў усе вокны, што, дарэчы, абвяргае пашыраную думку, быццам мядзведзі дрэнна бачаць. Мізансцэна з мужным мядзведзем на яблыні такая выразная, што ты з цяжкасцю сціраеш яе з сеткавіны вачэй.

      Тым часам з дзяцінства выплывае яшчэ адна гісторыя, праўда, цалкам кніжная, як і «Локіс», але нязмерна жудлівейшая за расказаную Прасперам Мерымэ, бо ў таго дзейнічалі звяры звыклыя і родныя, няхай і з невялікімі адхіленнямі ад нормы: ну маглі там заняцца любоўю з графіняю або перакінуцца ў чалавека і назад, што на гэтых тэрыторыях, спрадвеку ўпадабаных ваўкалакамі, – навіна невялікая.

      У восьмым класе ў зашмальцаваным зборніку фантастыкі ты прачытаў аповед, які ўразіў цябе так глыбока, што ты зноў, як маленькі, не хацеў заставацца дома адзін, баяўся цемры, але, на шчасце, не пачаў зноў сікацца. У аповедзе вялося пра сакрэтную лясную лабараторыю, дзе вучоныя стварылі мядзведзяў, надзеленых магутным інтэлектам. Тыя, быццам семкі, лускалі задачы з вышэйшай матэматыкі, распрацоўвалі абаронныя праграмы, а ў рэдкія хвіліны адпачынку з гройсмайстарскай лёгкасцю ставілі маты сваім прафесарам, а пасля і самім шахматным мэтрам, якіх прывозілі ў лабараторыю на трэнінгі. Потым ад вялікага розуму ў эксперыментальных мядзведзяў стала выкочвацца поўсць, на лбах з’явіліся амаль чалавечыя плехі, а крыху пазней, калі чацвераногія інтэлектуалы асвоілі людскую мову, яны з’елі ўсіх высакалобых прафесараў, выпілі за іхнюю светлую памяць у лабараторным бары ўсё віскі і закусілі аховаю, а ў час дэсерту акурат пад’ехалі на чарговы турнір гросмайстры, якім мядзведзі сумленна прапанавалі згуляць на жыццё, і, хоць шахматысты згадзіліся, шанцаў ніхто з іх не меў.

      Пераможцы турніру разбегліся па навакольных лясах дзеля бліжэйшага знаёмства з мясцовым жыхарствам, але адразу адчулі сябе дыскамфортна, бо тубыльцы кепска гулялі ў шахматы, не ведалі найвышэйшай матэматыкі і не маглі забяспечыць інтэлектуальныя запатрабаванні былых паддоследных, што выклікала ў апошніх абгрунтаваную ўквеленасць і не спрыяла рацыянальнаму харчаванню.

      Пакуль згадваеш дзіцячыя страхі, у атмасферы звярынца штосьці адбываецца: ты фізічна адчуваеш разлітыя ў паветры хваляванне, трывогу, напятае да тонкага звону чаканне.

      Зверыну пачынаюць карміць.

      Твой сусед, абскубаны паўлін, атрымлівае тры жмені крупаў. Мядзведзям прыносяць брудны тазік рыбы. Выгляд і памер пайкі непазбежна наводзяць на думку пра злоўжыванні