– А чаго iшла? Чаго? На дабро пагналася? Думаеш, я не знаю, што чакаеш мае смерцi. Але не дачакаешся. Я цябе першаю… Першаю на той свет заганю, – ён схапiў яе за белую батыставую блузку з круглаю фаралiнаю i банцiкам i турзануў да сябе.
– Пусцi, злыдух, пусцi, кажу, – яна хацела адапхнуць яго ў грудзi, але не здужала. Ён яшчэ прутка стаяў на нагах. Рука яго за спiною абмацвала чорны прыпек з чырвонаю сточанаю цэглаю, на якой вастрылi нож. Там ён i ляжаў – тонкi, шчарбаты, з драўлянымi тронкамi. Ладак яго згледзеў раней.
– Iмполька, ратуй, Iмполька! – збялеўшы, закрычала Ваця, ловячы Ладакаву руку з гэтым шчарбатым зрэзаным нажом.
Iмполя працяў гэты прыдушаны, самлелы ад страху крык i запёкся нейкаю злосцю ў грудзях. Ён абедзвюма рукамi пхнуў ад сябе стол i, прыгнуўшыся, сiгануў туды, да печы. Ладак, пусцiўшы жонку, неяк перагнуўся трохi назад, адставiў адну руку, а другую высока падняў над галавою – вострым халадком блiшчаў у ёй тонкi вышчарблены нож.
Зiрнуўшы ў мiг вока на гэты нож, Iмполь учуў, як каля сэрца перавярнуўся страх. Не падступаючы блiжай, з усяе моцы цяў нагою Ладаку нiжэй жывата – Ладак застагнаў, нiбы мучачыся ў цяжкiм сне, скурчыўся ад болю i задам паехаў у памялешнiк – на яго пасыпалiся вiлы i качэргi.
Iмполь пашукаў вачыма, каб што схапiць у руку, убачыўшы на лаве каля печы пусты чыгун, узяў яго за шурпаты бераг.
– А Iмполька, а божа мой, перахрысцiся – заб’еш, – Ваця падскочыла да яго i абвiла накрыж рукамi, прыцiснуўшыся мякаццю сваiх грудзей, дыхнуўшы той самаю знаёмаю, як каля аўсяных снапоў, цеплатою.
Iмполь бачыў, як з памялешнiка выграбся спацелы, распараны, з прылiплымi да лысiны мокрымi валасамi Ладак – на сiняватых губах нiткаю накарэла, запяклася слiна.
Iмполь, не выпускаючы з самлелае рукi чыгун, крутнуў плячыма Вацю, але не скiнуў – недзе ў яго за спiною кляшчом сашчамiлiся яе рукi.
– Пусцi, – крыкнуў ён, бачачы, як да iх, сагнуўшыся, трымаючы ў руцэ той самы шчарбаты нож, падступаецца Ладак. – Пусцi. – Iмполь павярнуў плячом, каб як выслабадзiць руку. Але размахнуцца ён ужо добра не мог i неяк наводмаш пусцiў гэты цяжкi чорны чыгун. Глуха зазвiнеўшы, чыгун гахнуўся аб сцяну каля печы i разляцеўся ў памялешнiку на вострыя зломкi.
Ладак, прыскалiўшы вока i перакасiўшы рот, ступiў яшчэ крок. Iмполь толькi паспеў адхiлiць Вацю – i тонкi шчарбаты нож упiўся, аж нешта там заскрыпела, Iмполю ў левае плячо, выгнуўся дугою, тоненька зазвiнеўшы, як звiнiць сагнутая пiла, луснуў напалам.
Ваця расшчапiла ў Iмполя за спiною рукi, падняла iх, заенчыла:
– Людзi, ратуйце, а божа мой, – i, спатыкнуўшыся на парозе, наляцела ў сенi. Закрычала, ужо зноў, на вулiцы.
Ладак захроп, як храпе япрук, калi яму ўваб’юць швайку, i замахаў гэтым зломкам нажа. Iмполь злавiў яго руку i, узяўшы яшчэ Ладака за горла i чуючы пад пальцамi цвёрды кадык, на якiм слiзгала калючая ад шчацiны скура, пхнуў ад сябе. Ладак цяўся галавою аб кант лавы, нiцма паляцеў на падлогу. Плюхнуўшы вадою,