У той год рана жалi авёс, яшчэ стаяла звялая, сухая гарачыня. Iмполь прынёс на поле збанок свежае вады i пад пахаю пук скручаных з жытняе саломы i змочаных у вадзе перавяслаў. Ваця была ў гэтай самай караткаватай, без рукавоў, з шырокiм выразам на грудзях, палатнянай сарочцы – млела ад гарачынi. Яна разагнулася, палажыла на жменю серп, узяла збан i, разлiваючы сабе на загарэлую шыю ваду, пачала пiць – вада лiлася ў шырокi разрэз сарочкi, недзе вострым холадам бегла ў ямку мiж грудзей. Iмполь глядзеў на рудаватыя валаскi пад белымi пахамi… I нейкай жаночай цеплатою, распараным малаком дыхнула на яго ад гэтых грудзей, мяккiх белых рук. Нейкая салодкая гарачыня аблiла яго. Ваця села на выцвiлую радзюжку, што была разаслана тут, у разоры, каля аўсяных кароткiх снапоў, i ўзяла яго за руку, цягнучы да сябе. Галава яе хiлiлася на адзежу, якую яна кiнула, распранаючыся, калi прыйшла зажынаць загон.
– Сядзь, аддыхнi, Iмполь… – вочы ў яе зажмурылiся не то ад сораму, не то ад сонца.
I ён, трымаючы мяккую самлелую руку, пачуў, што яго калоцiць, як ад холаду, ад нейкага звар’яцелага страху…
Ён счах, апомнiўся першым. Перад вачыма ў яго раптам паяснеў свет, як паяснее, ачысцiцца ён, калi пройдзе навальнiца.
– Ой, божа, якое ты яшчэ дзiця, – сказала яна з нейкай пякучаю крыўдай. Голас у яе як асiп – ёй, мусiць, сушыла ў роце. Яна адвярнулася, закрываючы локцямi твар.
Недзе блiзка, з’язджаючы з дарогi на поле, ляскаталi калёсы.
– Едуць!.. – сказаў ён, адчуваючы брыдкасць перад ёю, перад самiм сабою, што зрабiлася з iм. Падняўшыся, убачыў, што да жытнiх пашаркаў ехаў стары Радзюк – была вiдаць яго палатняная, рудая, забруджаная сарочка i чорная, з кароткiм лакiраваным брыльком, яшчэ царская шапка. Радзюк пад’ехаў да мэндляў i, злазячы з воза, гукнуў:
– Iмполь, iдзi сюды! Iмполь…
– Клiча ж во, iдзi, – Ваця спешна абцягнула караткаватую сарочку i села, паставiўшы на каленi палiваны збан.
Iмполь пайшоў, слухаючы, як шастае, трашчыць жоўтае аўсянiшча; за iм ужо было жытняе, зеленаватае ад маладое сырадэлi ржышча.
Падыходзячы да воза, азiрнуўся: з другога боку поля, карычняватаю ад пераспелага быльнiку мяжою, сюды iшоў Ладак. У Iмполя ад брыдкасцi, ад страху нешта адарвалася ў грудзях – падумаў, што гэты з мяжы, з грудка, пэўна бачыў усё. Ваця жала авёс – сагнуўшыся, махала локцем, потым нясла, прытрымлiваючы сярпом, i клала «жменю.
– Чаго стаiш, скiдай рубаль! – стары асцярожна сцягнуў з дзесяткi лёгкую растапыраную «шапку» i панёс да воза.
Ладак, злы, раз’юшаны, падышоў да каня, тузануў за цуглi, адрываючы ад сiвенькае маладое сырадэлi, што ўжо рэдзенькiмi калiвамi паднiмалася з iржышча.
– Здыхата на цябе – не наеўся!
Стары скоса зiрнуў на сына, але нiчога не сказаў, палез на воз укладваць снапы.
Ладак памахаў кулаком, але не выцяў каня, мусiць, пашкадаваў.
Носячы шапаткiя, з сухiмi каласамi, снапы, Iмполь стрэўся вачыма з Ладакам