Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Альгерд Бахарэвiч
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Другі фронт мастацтваў
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2012
isbn: 978-985-6906-68-1
Скачать книгу
Не, такое мінулае таксама можна прадаць, хто спрачаецца – але ці ня лепш быць пакупніком?

      Там, дзе канчаліся Шабаны, пачыналася чыгунка. Яе начны грукат лепш за ўсё было чуваць у кватэры Роша; у кватэры Сала яна чулася як далёкі, бясьпечны звон недзе ня ў нашай, у суседняй вёсцы; Бэн часам прачынаўся на досьвітку ад яе гукаў – яму сьнілася, што камусьці вялікаму і нямому рвуць зубы; Ён жа зусім ня чуў чыгункі, бо жыў каля Магілёўскае шашы. У цёмны час з вакна восьмага паверху шаша выглядала як бясшумная чарада агнёў, якія рухаюцца па замкнёным коле – калі першы зьнікаў за лесам, то адразу ж зноў прыладжваўся ў хвасьце. Пасьля школы яны часта хадзілі на чыгунку, не задумваючыся пра тое, чым яна іх так вабіць. Гіпнатычная моц чыгункі была такая, што дзень лічыўся страчаным, калі ты не прыклаў вуха да яшчэ не астылых рэек, не запэцкаўся ў мазуце і ня скраў чагосьці жалезнага. Гэта была грузавая ветка «Калодзішчы-Міханавічы», пасажырскія цягнікі тут не хадзілі, толькі самотныя прывіды-дызэлі і брунатныя грузавыя саставы, якія стаялі ў Шабанах, бывала, па некалькі дзён, чакаючы ці то разгрузкі, ці то рамонту. Да шашы хадзіць баяліся: у народзе жыла вера ў дзядзьку на чорным «Масквічы», які спыняецца каля тых, хто ідзе па ўзбочыне, запрашае ў машыну – і ніхто ня можа адмовіцца, а потым дзядзька закатвае чалавечыну ў слоікі з-пад агуркоў і прадае на калгасным рынку. «Масквічоў» чорнага колеру на дарогах тады было не сустрэць, і гэта надавала вобразу дзядзькі асаблівую злавеснасьць. Казалі, неяк да дзядзькі ў машыну села цэлая апэратыўная група, накіраваная, каб яго злавіць – і зьнікла.

      Зрэшты, аднойчы пасажырскі цягнік на чыгунцы ўсё ж зьявіўся. Стары, пафарбаваны ў цёмна-зялёны колер, як і ў кіно. З адмысловымі суставамі на колах, падобнымі да мазолістых локцяў, з забітымі вокнамі, з прагнілымі драўлянымі тамбурамі. Незвычайны – такі нельга было прапусьціць. На вагонах бялелі арлы ды свастыкі, ды чатырохзначныя нумары, ды літары гатычныя, нянаскія. Цягнік быў пусты, і навокал не было нікога відаць, толькі біліся і рыпелі на ветры адарваныя дзьверцы трансфарматарнай будкі, побач зь якой стаяў лякаматыў. Яны ўлезьлі ў адзін з вагонаў: Сал, за Салам Рош, за Рошам Бэн – Бэн! Бэн! – а потым Ён, якога на ўваходзе апанавала дзіўная паніка, і яго давялося ўцягваць за рукі. Усярэдзіне было брудна і пахла чалавечым дзярмом, у некаторых цёмных купэ стаялі лужыны, што й нядзіўна – праз вузкія прарэхі ў даху крапала вада. Пад нагамі храбусьцела шкло. Было відавочна, што вагон нікога нікуды не вазіў, што ягонае прызначэньне абмяжоўвалася выключна яго вонкавым выглядам. Высока падымаючы ногі і зазіраючы ў купэ, яны рушылі наперад па вузкім калідоры: Сал, за ім Рош, за Рошам Бэн і потым Ён. У апошнім купэ на паліцы ляжаў скручаны шынэль, а на ім – лыжная шапачка. Бэн нагой скінуў скрутак на падлогу. Нейкі час яны проста стаялі, убіраючы ў сябе паветра вагона, цяжка, шумна дыхаючы. Раптам унутры цягніка нешта бразнула, па ўсім саставе – і празь целы Сала, Роша, Бэна і Ёна – прайшла дзіўная, нейкая доўгая сутарга, састаў нібы нехта паддзеў лапатаю