Пакуль Даражок, ня верачы сваім вушам, слухаў гэты зусім спакойным тонам прамоўлены маналёг, Другі прысеў на край фатэлю, пазяхнуў і раздражнёна дадаў:
– Людзі, людзі… Мяне мала хвалюе, ці маюцца яны тут. Мне трэба, каб яны зьявіліся Там…
Ён махнуў рукой у вакно, потым цапнуў з-за галавы Даражка адрасную кнігу й таропка яе пагартаў.
– Там… На вуліцы Ўзорнай, 2. Мне гэта вельмі трэба. Дарэчы, вы ня ведаеце: кавярня пад назваю “Вавёрачка” у цэнтры гэтай вашай Нінэвіі ўсё яшчэ існуе? Вы не спалілі яе, часам, у імгненьне трыюмфу чалавеканенавісьніцтва? Не? Выдатна. Цяпер слухайце ўважліва…
Другі нахіліўся над ложкам, і Даражок адчуў, як ён пахне. Ніякай серы.
– Мяне завуць Назар Мінус, і я хачу прапанаваць вам адну справу.
Частка чацьвертая
Сьвіст
39
У адну з цудоўных красавіцкіх раніц 199… году, калі зімовае паліто раптам становіцца занадта цяжкім, а думкі – лёгкімі й заганнымі, студэнтка журфаку Іра Агіеўская пачула сьвіст. Гэты сьвіст, відавочна, быў прызначаны выключна для яе, бо йшоў аднекуль знутры яе сьвядомасьці й гучаў толькі ў ейнай, не пазбаўленай, дарэчы, ачараваньня, галаве. Спачатку ён быў ненавязьлівы, ціхі, Ірына нават падумаць не магла, у які кашмар гэта неўзабаве ператворыцца. Ужо назаўтра, варта было Ірыне прачнуцца, сьвіст загучаў удвая мацней, а ўвечары ёй ужо здавалася, што нехта нябачны штосэкунды насьвіствае ёй у самае вуха. Не, гэта было ня тое непрыемнае гудзеньне, на якое часам пакутуюць людзі з-за капрызаў ціску; гэта было сапраўднае жывое насьвістваньне, у меру фальшывае, ня вельмі мілагучнае – да болю знаёмы матыўчык, нешта такое з грамадзка-карыснага дзяцінства, музычная фраза, якая бадзёра пачыналася, крыху запавольвалася, абрывалася й тут жа гучала зноў. На трэці дзень сьвісту Ірына ўжо моршчылася, у яе разломвалася галава, яна патэлефанавала ў “Газэту № 13”, дзе праходзіла практыку, сказала, што блага пачуваецца й ня прыйдзе сёньня, і сьвіст набыў зласьлівую радасьць.
Назаўтра яна зноў не пайшла на практыку; у пэўныя моманты ёй здавалася, што сьвіст становіцца цішэй, і тады яна замест адпачынку,