Ніхто б не назваў яго правінцыялам – ён шмат бываў у сталіцы яшчэ дзіцёнкам, далоні ягоныя памяталі сьлізкую шыю аблупленага атракцыённага каня ў гарадзкім парку адпачынку, у вачах яшчэ ня згас залаты бляск навюткіх, рудых пяцікапеечных манэтаў, на якія яны з бацькамі разьмянялі калісьці цэлы рубель, гэта было ў дзень адкрыцьця сталічнага мэтро. Потым ён некалькі год вучыўся тут, прагна, не разжоўваючы, заглынаў гарадзкія спакусы, ёй не было яшчэ сямнаццаці, хаця выглядала на ўсе дваццаць два, салаты з кніг пад гарэлачным соўсам, неахайна расфасаваная чалавечына, знаёмыя маці, у якіх ён жыў, выправаджвалі яго з дому, калі прыходзілі госьці. Клюбы, кавярні; неглыбоцкія білі яго кожнае лета. Даражок скончыў вучобу аброслы знаёмствамі, як ліхтарны слуп на прыпынку – аб’явамі. Раней кожны зь іх быў сябрам, потым інфляцыя часу, найвышэйшай, найкапрызьлівай інстанцыі, за некалькі нікчэмных год ператварала былую экзальтаванасьць у пыл. Ён выцер накрыўку ды выйшаў. У лазьніцы проста на падлозе стаяў пусты слоік, дзе спаў стары, зьняможаны павук. Побач на падлозе бялелі плямы пены для галеньня, у якіх варушыліся чорныя валаскі.
30
На гэты раз ён прыехаў у сталіцу са спадзяваньнем, што былыя сувязі страчаныя і ніводныя з вачэй гэтага места не пазнаюць у ім колішняга Даражка… Як бы ня так! Ужо на вакзале ён спаткаў Драпковіча й прачнуўся праз тыдзень у таго дома перад тэлевізарам, з вывіхнутай рукой і талеркай халодных пяльменяў на каленях. Потым была кароткая перадышка, Даражок цьвёрда зарокся пазнаваць каго б ні было, і ўсё ж здараліся дні сапраўдных аблаваў, калі яму даводзілася даваць чужыя нумары тэлефонаў, уцякаць праз форткі ў прыбіральнях, шукаць чорныя хады ў гэтай шахматнай гульні, дзе ўсе фігуры белыя. Часам здавалася, што ўсё скончана, але спатрэбілася вясна, каб ён пачаў хадзіць па вуліцах спакойна. І аднак жа сталіца была раем у параўнаньні зь Неглыбокім, хаця яно й называлася райцэнтрам – там у іх дома, у двухпакаёвай кватэры, рабілася немавед што: у лядоўні жыў Канстанцін Цімафеевіч, а над ім у маразілцы – ягоная жонка Кацярына Андрэеўна, у духоўцы пліты – шматдзетная сям’я Арцыбашкіных, тэлевізар займаў вэтэран унутраных органаў, а таксама іх інвалід Засімчанка, а крыштальныя вазы зьмяшчалі братоў Рубіцкіх. Калтуноў сьціпла жыў у хлебніцы. Усе яны пісалі біяграфію Даражка, падрабязную, ілюстраваную, з багатым фактычным матэрыялам, аўтарскі калектыў у дзесяць тысяч душ. Ён задыхаўся там, ён знайшоў адмычкі да іхных пытальнікаў і зьбег туды, дзе былі патрэбныя іншыя героі. Туды – у сталіцу. Даражок выштурхнуў з роту на бруднае дно ванны сіне-белае месіва й раптам заўважыў прусака, які лез па сьцяне. Пальцы міжволі пстрыкнулі – і прусак як куля