«І трэба было гэткую поскудзь ратаваць! – міжволі падумалася яму. – Не, каб каго добрага…»
– Альма, Альмачка! – зноў пачуўся за спінай лейтэнанта заплаканы дзіцячы галасок. – Ну, расплюшчы вочкі!
Вакол сабралася ўжо даволі шмат людзей, у асноўным жанчыны, і ўсе яны глядзелі зараз на лейтэнанта, дакладней на пісталет, які той усё яшчэ трымаў у правай руцэ.
– Усё законна! – звяртаючыся адразу да ўсіх патлумачыў лейтэнант, таропка хаваючы пісталет у кабуру. – Гэты сабака напаў на чалавека, мог да смерці загрызці…
– Шкада, што не загрыз! – з непрыхаванай нават злосцю выгукнула нейкая пажылая жанчына. – Алкаша такога!
– Ён тут, па парку, з самай раніцы швэндаўся! – дадала яе суседка, такога ж узросту. – Да людзей чапляўся, мацюкаўся ўсяляк…
– Грошы вымагаў! – уступіла ў размову трэцяя жанчына, крыху маладзейшая за першых дзвюх. – А потым нож выхапіў і…
– Нож? – насцярожыўся лейтэнант, азіраючыся па баках. – Які нож?
Тут ён і на самай справе заўважыў непадалёку ў траве нож.
– Твой? – паказваючы на нож, спытаўся лейтэнант у мужчыны з наколкамі, але той адразу ж адмоўна закруціў галавой.
– Які нож, начальнік? Першы раз бачу!
– Не мані! – разам загаманілі жанчыны. – Твой нож… вунь і дзяўчына пацвердзіць!
І яны, таксама ўсе разам, павярнуліся да маладой жанчыны (дзяўчыны нават), якая ўвесь гэты час трымалася крыху ў баку ад натоўпу. Лейтэнант таксама ўважліва паглядзеў на дзяўчыну: вочы ў яе былі заплаканыя, на тоненькай блузцы спераду мелася вялізная дзірка…
– Ён да яе з нажом кінуўся, паваліў, у кусты пачаў цягнуць… – патлумачыла першая жанчына. – І каб не сабака гэты…
– Не было такога, начальнік! – неяк нервова выгукнуў мужчына з наколкамі. – Брэша яна ўсё, лярва драная!
У гэты час хтосьці крануў лейтэнанта за плячо, і, азірнуўшыся, ён убачыў побач з сабой сяржанта.
– Пратакол складаць будзем? – амаль шэптам прагаварыў той, паказваючы ў бок дзяўчынкі, якая па-ранейшаму сядзела побач з забітым сабакам і, абхапіўшы яго за шыю, ціхенька плакала. – На гаспадароў сабакі, я маю на ўвазе…
– Ды пачакай ты са сваім пратаколам! – адмахнуўся лейтэнант. – Тут больш сур’ёзная справа! Мы з табой, здаецца, серыйнага маньяка затрымалі… Ну, таго, што на жанчын з нажом у апошні час нападаў… А ну, стаяць! – крыкнуў ён, паварочваючыся ў бок мужчыны з наколкамі і, нібыта незнарок, кладучы пры гэтым руку на кабуру.
– Стаю, начальнік! – жаласліва і неяк лісліва прабубнеў той. – Але ж я, дальбог, нічога такога не рабіў! Ішоў сабе ціхенька… а тут гэты ваўкадаў…
– Не мані! – перабіў яго хтосьці з жаночага натоўпу. – Бач ты, ішоў ён ціхенька!
– І нож не твой? – перапытаў лейтэнант, асцярожна