Планета ў падарунак. Людмила Рублевская. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Людмила Рублевская
Издательство: Аверсэв
Серия: Сучасная беларуская лiтаратура
Жанр произведения:
Год издания: 2024
isbn: 978-985-19-7683-2
Скачать книгу
не да месца прыдурваешся. Не рабі з сябе ідыёта!

      «З характарам яна», – падумала Галка, не зважаючы на чаромхавыя галінкі, якія ўсё падалі і падалі… Віктар пачаў паднімаць іх, а потым проста згроб і шпурнуў у сметніцу.

      – Пройдзем у спальню, – сказаў ён Галцы. – Пагаворым.

      Яна паслухмяна пайшла за ім. Кінулася ў вочы, што пасцельная бялізна, якую яна старанна прасавала тыдзень таму назад, на ложках была ўся скамечаная. Але гэта не бянтэжыла Віктара.

      – Галік, ну ты ўсё зразумела… Ты ж разумная! Давай сядзем. – І ён сеў на ложак. – Ты ж сама добра ведаеш… У нас… У нас з табою біялагічная несумяшчальнасць.

      І штосьці выпрастала яе, Галка ўскінула галаву.

      – Хіба?! – запыталася неяк па-асабліваму з’едліва. – Чатыры дні таму назад мы з табою цудоўна сумяшчаліся.

      – Гэта табе так здаецца… Заўсёды здавалася! Ты даўно стала фрыгіднай. Сама біялогія супраць нас…

      – Ды пайшоў ты, Лагуцкі, са сваёй біялогіяй! – І, каб тут жа не расплакацца, ляпнула аднымі дзвярыма, потым другімі, што ў прыхожай, на хаду ўхапіўшы сумачку.

      Начавала яна той ноччу ў сяброўкі, патлумачыўшы, што нібыта Лагуцкі з’ехаў у камандзіроўку, а ёй адной стала невыносна самотна ў кватэры. У яе яшчэ быў адзін вольны дзень адпачынку за свой кошт, таму раніцай, перад тым як вярнуцца дамоў, яна заехала да знаёмага юрыста пракансультавацца, як лепш і прасцей аформіць скасаванне шлюбу. А дома яе чакала запіска: «Галік, я сышоў назаўжды. Усё пакідаю табе. Пачынай скасаванне шлюбу. Твой Лагуцкі».

      Праз месяц яны ўжо былі вольныя адно ад аднаго. Лагуцкі неўзабаве ўзяў другі шлюб, а яна… Ага-а, пакутавала! Адчувала сябе да апошняга абражанай і бессаромна пакінутай. Навалілася на працу (яна працавала ў гістарычным архіве), а праз які месяц памяняла на ўсіх вокнах шторы ды гардзіны, накупляла з дзясятак самых розных шортаў і з’ехала ў адпачынак… да цёткі Мані, як ёй думалася, на ўвесь месяц. Разам з накупленымі шортамі ўкінула ў чамадан тры пляшкі шампанскага. Трыццатага жніўня – ейны дзень нараджэння. «Яго трэба будзе адзначыць, – думала яна, – гэты першы за апошнія гады дзень нараджэння без Лагуцкага».

      2

      Жнівень буяў астрамі, раскашаваў гладыёлусамі, у цётчыным садзе ўжо пачалі жаўцець бакамі нават антонавы яблыкі – такі ён быў спякотны, гарачы, зыркі. За нейкі тыдзень яны перагаварылі з цёткаю ўсё, што толькі можна было перагаварыць, а потым… Потым яна аблюбавала сабе мясцінку на мясцовым пляжы і з самай раніцы ледзь не да адвячорка адчайвалася ва ўспамінах ці, наадварот, натхнялася марамі, аддаючы ўсю сябе сонцу.

      Пляж стракацеў капелюшамі, бейсболкамі, купальнікамі, і хоць бы адзіны знаёмы твар! А яна правяла ў гэтым мястэчку ледзь не ўсё сваё дзяцінства. Тут нават ёсць у яе сяброўка, але той не да пляжа. Мясцовыя, напэўна, і не ходзяць на пляж. У вольныя хвіліны парадкуюць гароды, а гэты гарачы пясок – для прыезджых, як яна, у адпачынак ды для моладзі, а хутчэй для дзятвы. І ўсё ж на тым-сім позірк спыняўся. «Вунь тая бландзінка ў модных акулярах,