Я развёў рукамі ўсім сваім выглядам кажучы: «Нядрэнна! Вельмі нават! Мая школа!», а затым вымавіў.
– Тады з вас аргументы, паненка, а не толькі факты.
– Дэмакратыя зло, бо гэта дыктатура большасці, – трохі падумаўшы паінфармавала дзяўчына. – Дзесьці я такое чытала.
– Нядрэнна, – ацаніў я. – Аднак па сутнасці гэта сафізм. Існуюць розныя дэфініцыі для паняцця дыктатуры. Калі гэта ўсяго толькі прамое кіраванне групы таварышаў, гэта значыць у нашым выпадку, групы, што завецца большасцю, то дэмакратыю можна назваць дыктатурай, аднак кіруючая група ў дыктатуры, калі ўлада наогул належыць групе асоб, а не аднаму дыктатару, павінна дэманстраваць нейкія відавочныя прыкметы манапалізацыі ўлады, а нярэдка дэманструе і рысы валюнтарызму, тады як большасць, у межах добра пабудаванай дэмакратычнай мадэлі, чуе меншасць і на палітычны суб'ект могуць уплываць іншыя палітычныя суб'екты. Фармальныя прыкметы дыктатуры, пры ўказаным вышэй падыходзе, калі нехта выдае камусьці дырэктывы, можна выявіць наогул у любой уладзе, у гэтым яе сутнасць, бо ўлада заўсёды прадугледжвае, што нехта кіруе кімсьці. Гэта значыць, назваць дыктатурай, у гэтым сэнсе, можна ўсе формы праўлення, дзе ўказы абавязковыя да выканання, і такім чынам, гаворка тут менавіта пра сафізм, калі штосьці сцвярджаецца толькі на аснове фармальных прыкмет, а сутнасць пры гэтым скажоная. Па-эмпірычнаму, мы прыходзім да таго, што рэальная дыктатура мяркуе ўладу чалавека ці групы, якія не дапушчаюць да кіравання іншых, нейкіх чужынцаў. Сутнасць тэрміна менавіта ў гэтым, і ў гэтым сэнсе сапраўдная дэмакратыя прадугледжвае калектыўны ўдзел менавіта як проціяддзе супраць кіравання адной, нязменнай групы, як суб'екта палітыкі, або аднаасобнага лідэра.
– Брава! – госця заапладзіравала. – Люблю, калі ты такое выдаеш! Жадаю яшчэ! Толькі крыху прасцей, калі можна. Добра?
– Без праблем, – пагадзіўся я. – Вось табе аналогія.
– Выдатнае слова, – уставіла мая юная філасафіня.
– Дык вось, аналогія, – я ўзвышана зірнуў у далеч, за сваё акно, туды, дзе зручна размясціўся шэры брусок нейкага гмаха. – Калі я дам табе дырэктыву зняць штаны, то гэта будзе дэмакратыяй, калі ты маеш права выбіраць сабе таго, хто аддае такія распараджэнні, скажам, паміж мной і сваім суседам. А вось калі выбару няма, і я ўзурпаваў пасаду ўладара штаноў, то значыць гэта дыктатура! Дарэчы, можаш пакуль нічога не здымаць…
– Ты ўпэўнены? – какетліва спытала Аля, пагульваючы гузікам на сваіх цёмна-сініх джынсах.
– Пакуль так, – сказаў я не вельмі ўпэўненым голасам.
– Ну і якая дэмакратыя лепшая на ваш погляд, спадар уладар штаноў? – сур'ёзна спытала дзяўчына, але тут жа не стрымалася і пачала смяяцца.
– Такая, дзе галоўнага лідэра выбірае не ўвесь народ. Гісторыя паказала, што народ можа сабе абраць усялякае. Увесь народ выбірае дэпутатаў у ніжнюю палату