нагадаў, як скрозь зямлю правалiўся. Адсюль i думка: а цi не спецыяльна ён так рабiў? Чаму невядомы, цi, як яго ахрысцiў капiтан, «добраахвотнiк», выбраў менавiта Бусла? Чаму не пракурора, не суддзю? I потым, не зусiм зразумелая паспешлiвасць, з якой Бусел затрымаў Князя, i ягоная ўпэўненасць, нават перакананасць у дачыненнi Скакуна да забойства Кузаўкова. Капiтан – сышчык вопытны, давяраць на ўсе сто працэнтаў «добраахвотнiку» не мог. Значыць, было нешта яшчэ, чаго ў рапартах Бусла няма. У Князя алiбi створана самой мiлiцыяй: у ноч забойства быў затрыманы ў п’яным стане на вакзале i змешчаны ў выцвярэзнiк. Ён, канечне, атрымае сваё за захоўванне зброi, але ж у раскрыццi забойства шафёра фармацэўтычнай фабрыкi i капiтана Бусла анiякiх зачэпак. I яшчэ адна акалiчнасць устрывожыла Астроўскага. На фармацэўтычную фабрыку ён накiраваў лепшых агентаў. Яны мелi неабходную адукацыю, добра складзеныя легенды, але на трэцi дзень адзiн «выпадкова» трапiў пад электракару i зламаў нагу, другi ў абедзенны перапынак выпiў бутэльку кефiру i з цяжкiм атручваннем быў дастаўлены ў бальнiцу. Канечне, усё выглядала праўдзiва, толькi Астроўскi зразумеў, што агенты рассакрэчаны i яшчэ добра адкруцiлiся, раз засталiся жывыя. I яшчэ ён зразумеў, што працуе ў правiльным накiрунку: як толькi знойдзе забойцу шафёра i тых, хто гэта задумаў, стануць вядомыя i забойцы капiтана Бусла. Хоць цяпер раскрыццём забойства Кузаўкова займаюцца iншыя людзi, маёр вырашыў весцi паралельнае следства. Але пра гэта нiхто не павiнен ведаць, ляпсус з агентамi на фармацэўтычнай фабрыцы – вельмi наглядны i не даравальны таму прыклад. Iдэя накiраваць на гарадскi кiрмаш свайго чалавека, прафесiйнага сышчыка, узнiкла не адразу. Маёр не надта спадзяваўся на поспех, але трэба было рызыкаваць. Па-першае, капiтан Бусел узгадваў у сваiх паперах кiрмаш, пра яго гаварыў «добраахвотнiк». Арыштаваны Князь таксама сцвярджаў, што купiў зброю на кiрмашы ў каўказцаў.
Астроўскi, седзячы ў кабiнеце начальнiка крымiнальнага вышуку горада палкоўнiка Качана, машынальна рабiў запiсы ў службовым блакноце. Iшло чарговае пасяджэнне, падводзiлiся вынiкi не так даўно праведзенай праверкi. Некаторыя ўставалi самi i давалi звесткi, пераканаўча спасылалiся на лiчбы. Прозвiшчы некаторых называлi, i тады пунсовыя маёры, падпалкоўнiкi таропка ўскоквалi i тлумачылi хiбы па сваiх накiрунках дзейнасцi. Астроўскi ведаў цану гэтым патрэбным для галачкi пасяджэнням. Каб ад таго, як сышчыкi валодаюць лiчбамi аб раскрытых i нераскрытых злачынствах i сапраўды паляпшалася раскрыццё, пэўна, усе толькi i займалiся б, што пасяджэннямi.
Думкi маёра былi скiраваны да гарадскога кiрмашу, да лейтэнанта Крывiцкага, якi, канечне ж, пачынае нервавацца, трацiць кантроль над сабой. Астроўскi здагадваўся пра прычыну неспакою Крывiцкага, нават быў упэўнены, што дакладна яе ведае. Упершыню ўбачыўшы лейтэнанта, хуткага, непаседлiвага халерыка, падумаў, што ён i двух дзён не вытрымае ад вымушанай бяздзейнасцi. Аж не, лейтэнант аказаўся з характарам, тыдзень цярплiва выконваў ягоны не зусiм ясны, а таму незразумелы загад «вывучаць кiрмаш». Праз тыдзень у Крывiцкага здалi нервы,