Праз хвiлiну Фiлiн i Прышч знiклi ў лесе. Бусел не вытрымаў, таропка слiзгануў па сене ўнiз, да машыны, i хуценька, прафесiйна агледзеў, што было ўсярэдзiне, спадзеючыся знайсцi якiя-небудзь дакументы: вадзiцельскiя правы цi што iншае. Але, акрамя некалькiх круглых боханаў хлеба, кавалка сыру, дзясятка тонкiх батонаў вэнджанай каўбасы ды скрынкi з гарэлкай, у машыне нiчога не было.
«Пэўна, Прышч разлiчвае тут адсядзецца, – падумаў Бусел; ён быў задаволены тым, як разгортвалiся падзеi, i ўсё ж душу раздзiралi неспакой i крыўда. – Як нахабна i проста Фiлiн абвёў вакол пальца крымiнальны вышук, – разважаў капiтан. – Значыць, калi ў газеце надрукаваны па мне некралог, Гнiлога знайшлi i пахавалi як Бусла… Ну што ж, цяпер у мяне рукi вольныя, мы яшчэ паваюем!»
Бусел не стаў рызыкаваць i, залезшы ў сваю схованку, чакаў, пакуль Фiлiн з Прышчом вернуцца. Нейкi час яго неадчэпна, як насланнё, непакоiла думка: цi быў на могiлках салют?..
Фiлiн вяртаўся пануры, засяроджаны, нават злы. Ён iшоў, глыбока засунуўшы рукi ў кiшэнi, а Прышч, бы пабiты сабака, трусiў збоку. Ён штосьцi iмпэтна даводзiў Фiлiну, забягаў то з аднаго боку, то з iншага i ўсё стараўся зазiрнуць хаўруснiку ў твар. Фiлiн не звяртаў на Прышча ўвагi, але каля ганка спынiўся i нейкi час панура слухаў блытаную балбатню. Бусел нiчога не мог зразумець з таго, што гаварыў Прышч. Раптам Фiлiн кароткiм рэзкiм ударам садануў хаўруснiка кулаком, i той змоўк на паўслове i з разяўленым ротам, быццам сноп, ссунуўся на зямлю. Фiлiн, не звяртаючы на ляжачага анiякай увагi, пiхнуў нагой дзверы, ды так, што тыя ледзь не вывалiлiся зусiм, i, нахiлiўшыся, знiк у хаце. Прышч доўга ляжаў беспрытомна, раскiнуўшы рукi. Нарэшце заварушыўся, стаў на каленi, памацаў рукой скiвiцу i пацiху, хiстаючыся, узняўся на ногi, пасунуўся да студнi.
«Што памiж iмi здарылася? – назiраючы за Прышчом, не мог зразумець Бусел. – За што Фiлiн пабiў хаўруснiка?»
Прышч вывернуў на галаву вядро вады i, цвыркаючы крывавай слiнай, увайшоў у хату. Адразу да Буславага слыху даляцелi крыкi, лаянка, але прычыну сваркi ён разабраць не мог. Бусел прыгадаў лесвiцу, што стаяла ў невялiкiх сенцах i вяла на гарышча. Рашэнне прыйшло адразу. Ён таропка скiнуў чаравiкi, басанож слiзгануў унiз i, хаваючыся за машынай, прыслухаўся. Гаманiлi цiшэй, чулася лаянка Фiлiна i скавытанне Прышча. Не заўважыўшы нiчога падазронага, Бусел, прыгнуўшыся, джгануў да блiжэйшага кута хаты i прысеў у кустах. Твар, рукi, ногi апякла жыгучка, i толькi Бусел наважыўся перабегчы блiжэй да сенцаў, як раптам гаворка ў хаце сцiхла, i амаль адразу на вулiцу вывалiўся расчырванелы, расхрыстаны Прышч. Капiтан, тулячыся блiжэй да хаты, у самую рослую крапiву, сцiшана назiраў за бандытам.
– Цьфу ты, – мацюкнуўся i харкнуў крывёй злачынец.
Ён зласлiва, нядобра некалькi разоў азiрнуўся на вокны i, мармычучы праклёны, трымаючыся рукой за скiвiцу, паплёўся да студнi. Але на паўдарозе спынiўся i, быццам нешта прыгадаўшы, борздка крутнуўся i праз хвiлiну зноў знiк у хаце. Зласлiвая рашучасць, што кiравала Прышчом, нiчога добрага не прадвяшчала.
Бусел з задавальненнем заўважыў, што дзверы ў хату засталiся адчыненыя, i ён, не раздумваючы, кiнуўся