Швэды, рускія, французы, палякі немцы, бальшавікі, фашысты, камуністы… Радасьць, боль, сьлёзы, нянавісьць. Усім насычана паветра! Душа халадзее. Дзе міласьць, дзе любоў? Павінна ж быць! Хутчэй, хутчэй, далей. Хвілінка цішы і прасторы. І зноў енкі, грымоты, мэтастазы расійскага мата… Не, гэта ўжо не цені. Гэта абак царквы-мураўёўкі ідзе ідэалягічнае…. мерапрыемства пад назвай дыскатэка. Царква, клюб, сельсавет утвараюць нейкі мясцовы бэрмудзкі трохкутнік. Рэзка павернем улева, каб выйсьці з гэтае мясьціны.
Але тут, дзе празрыстай ніткай уецца, барукаючыся за жыцьцё, рачулка Лунянка цені згусьціліся ў чорную хмару з жоўтымі шасьціканцовымі зоркамі. Дзіцячы плач, гартанныя выкрыкі на незразумелай мове, дзіўныя мэлёдыі, і скрыпка. Скрыпка плача і высьпеўвае смутак, як бы пытае: чаму? Чаму нас забылі? А нас было 1549. 1549 жыхароў Луна сталі ценямі і зьвяртаюцца да жывых – успомніце, дайце нам знак, што вы памятаеце. Ці пачуюць? Ноч хавае цені.
Апяклі мяне росы раньнія,
Краскі водарам абдалі,
Прыпадаю я сэрцам раненым
Да каханай сваёй зямлі.
А яна, на кускі пакрамсаная,
У хлусьлівым чужым тумане,
Плугам родных сыноў неўзараная,
Ціха помачы просіць у мяне.
Ларыса Геніюш
І сапраўды, як водарам абдаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг… і надпіс «Жыве Беларусь!» Гэта знак таго, што ўсё будзе яшчэ добра!
Як жа ўзьнікла гэта цудоўная назва Луна?
Лунь на паляваньні
Балта – яцьвягі маглі даць такую назву ад слова Lіunas, што значыць балота. Бо мясьціна тут да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя была вельмі балоцістай. І славяне крывічы ці дрыгавічы далі б такую назву, бо амаль заўсёды вісеў у вышыні зоркі шуляк, выглядаючы здабычу. Шуляк ці лунь балотны. Ён і гнездаваўся тут, гэты прыгожы (сівы як лунь) драпежнік.
Называлася гэта паселішча дакладна так Луна. Гэтаму ёсьць многа доказаў. Так на карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай Мікалаем Радзівілам-Сіроткам у 1613 годзе складзенай Тамашам Кшыштафам Макоўскім у Нясьвіжы выразна напісана Luna.
Радзівілаўская карта (1613)
Луна на карце ВКЛ 1665 года выданьня.
Фрагмэнт Карты Вялікага Княства Літоўскага 1665 года
Так і на многіх пазьнейшых картах замежнага выданьня (карта ВКЛ і Русі Белай з Нюрынбергу ад 1687 г., карта ВКЛ з Нюрынбергу ад 1710 г., карта ВКЛ з Амстэрдаму ад 1733 г.) Луна з адным «н» згадваецца разам з Гродна,