За два гады службы ў войску бацька ні разу не прыязджаў дамоў у адпачынак. Вярнуўся ў Вёску ўжо пасля дэмбеля. Першаю, каго сустрэў, была Рая. Ён курыў на аўтобусным прыпынку, толькі-толькі сышоўшы з прыступак на зямлю, яна ішла проста на яго з торбаю ў руках, з якой вызіралі два боханы белага хлеба і рыльца бутэлькі з кефірам у зялёным каптурыку. На колькі імгненняў абое аслупянелі, свідруючы адно аднаго вачыма. Быццам мастакі, занатоўвалі ў памяці партрэты яна – яго, ён – яе, прадчуваючы, мабыць, непазбежнасці лёсаў і часу. А вакол іх раптам таксама застыла Вёска, маючы свой інтарэс, свае вочы і вушы, нават на асфальце, каля якога стаялі бацька з Раяй. Дзяўчына ачуняла ад міжвольнага здранцвення першаю, зрабіла крок насустрач бацьку, параўнялася з ім і, не спыняючыся, не гледзячы ў яго бок, усё ж сказала аднаму яму і так, каб толькі ён і мог пачуць:
– Калі ласка, прыходзь сёння а восьмай да старога моста. Я буду чакаць.
Не азіраючыся, пайшла далей. Як ніколі прыгожая, у белай з чорнымі палосамі на плячах, на рукавах і пад грудзямі ядвабнай сукенцы і такіх жа белых туфельках-лодачках. Цёмныя доўгія валасы яе на жнівеньскім сонцы здаваліся рудымі. Бацька глядзеў ёй услед, дакурыў, потым сплюнуў і вырашыў, што нікуды не пойдзе, што не пачуў Раіных слоў.
Бацькі яго не чакалі. Дакладней, стаміліся чакаць, прагледзелі ўсе вочы ў расчыненыя насцеж вокны, бо бацька павінен быў вярнуцца дамоў яшчэ месяц таму. Той затрымаўся, падарожнічаючы па сябрах-саслужыўцах. Аднаго паспеў пажаніць, другога памірыць з процьмай сваякоў, з трэцім загрымець на суткі ў міліцыю, з чацвёртым згубіцца ў незнаёмым горадзе і блукаць па амаль безжыццёвых вуліцах, пры гэтым пабыў у чатырох розных рэспубліках Савецкага Саюза – Украіне, дзе гуляў на вяселлі; Арменіі, дзе пасля замірэння сваякоў два дні не выходзіў з-за святочнага стала; Расіі (недзе на перыферыі), дзе саслужывец бацькаў сарваў пагоны з міліцыянта, які быў пры выкананні службовых абавязкаў, прыраўнаваўшы таго да сваёй дзяўчыны, а бацька разрульваў сітуацыю; Эстоніі, дзе займеў афіцэрскі рэмень, які падараваў старэйшы брат таго саслужыўца, з якім заблукаў у незнаёмай мясцовасці. Той рэмень затрымаў бацьку яшчэ на колькі дзён, бо ён ім перапаясаўся і здымаць адмаўляўся, хоць вайсковыя патрулі за гэты рэмень яго і супынялі ўвесь час, пасля доўга разбіраліся і дапытваліся, адкуль у малодшага сяржанта рэч, якая належыць афіцэру. Бацька рашуча адказваў, што гэта не іх справа, што ён сваё адслужыў і мае права насіць які заўгодна рэмень.
Ну неяк дабраўся да Вёскі.
Кульнуў адну чарку з бацькам (дзедам Іванам), другую, трэцюю, пачаў пазіраць