Рукі абхопліваюць мускулістае каржакаватае цела, шчокі казыча колкае шчэцце…
У гэтую пару, апанаваную бессанню, Марыя можа пераскокваць праз гады і неспадзеўкі апынацца ў іншым месцы, іншым часе і зусім іншых жыццёвых варунках. Перажываць іх бы наяве, губляючы арыентацыю, хто яна і дзе.
Успаміны спараджаюць пякотку ў роце. Кожны з тых момантаў, якія ніколі не вернуцца, упінаецца ў яе цела малюткай іголачкай. Але яна ведае, што боль незваротнага – гэта толькі прэлюдыя.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю вуліцу…
Здаецца, праз шчылінкі паміж шыбай і рамай разам з ветрам пранікае і іх дыханне. А шоргат дажджу па асфальце прызначаны адно на тое, каб заглушыць і без таго амаль нячутны поступ іхніх ног.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой дом…
Калісьці гэтыя людзі былі Марыі вельмі блізкімі, нейкі час яны нават былі адным з ёю целам.
Але гэта было даўно. Іх целы ўжо канчаткова і незваротна набылі аўтаномнасць. У дадзены момант кожнае з іх, напэўна, бесклапотна спіць, і сніцца гэтым людзям, вядома ж, зусім не Марыя.
У той самы час, калі іх фантомы няўмольна набліжаюцца да яе – бы зомбі ў галівудскіх фільмах.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю кватэру…
Марыя з жахам углядаецца ў цьмяныя абрысы рэчаў і мэблі, у ноч, у дождж. Яна пачуваецца абсалютна безабароннай.
Ёй карціць залезці пад канапу, скруціцца камячком, запхнуцца ў шафу, павуком павіснуць пад столлю на жырандолі.
А можа, лепей проста прыкінуцца мёртвай?
Але яна разумее, што ад іх не схавацца. Дэманы мінулага ведаюць усе яе хітрыкі, усе слабыя месцы ў яе фартыфікацыйнай сістэме. Марыя адчувае іх няспешны ўпэўнены поступ – ужо зусім блізка.
Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі цябе, гатовую ўсікацца ад страху…
Яны апынаюцца побач з ёю неспадзеўкі, разам і адначасова. Упэўненыя рукі сцягваюць калготкі, рассоўваюць яе сцёгны, трымаюць за рукі… Зніякаявелая і здранцвелая, Марыя не можа нават паварушыцца. Яна не крычыць і не супраціўляецца, адно ціха енчыць сабе пад нос, бы смяротна паранены дэльфін.
Дэманы мінулага могуць рабіць з ёю ўсё, што пажадаюць. І робяць.
Неўзабаве ейнае цела скаланаецца, курчыцца ў канвульсіях, амаль не зрушваючыся з месца. Няголеныя падмышкі ад поту пераўтвараюцца ў балота.
Перад ёю – твары, твары і твары. Яны змяняюцца, часам наслойваючыся адзін на адзін. Вусатыя, цемнаватыя, спярэшчаныя зморшчынамі… Выраз кожнага з іх удае жарсць, але Марыю гэтым не падмануць.
Яно трывае, здаецца, бясконца. Кожнае імгненне становіцца надзіва пругкім ды эластычным і завісае ў паветры замест таго, каб мякка адысці ў небыццё.
Твары становяцца ўсё больш невыразнымі. Гэта значыць, што прыйшла пара дублёраў. Але сваю справу яны выконваюць таксама