– Ты і праўда звар’яцеў! Уяўляеш, што будзе, калі яго знойдуць? Яны цябе жыўцом згнояць!
Валеры спахмурнеў. Тодар, вядома, кажа праўду. Ды толькі згаджацца з ім сёння не хацелася. Гэтая не надта цяжкая, амаль дзіцячая цацка-забаўка нешта перамяніла ў ягонай свядомасці. Цяпер ён абаронены! Ён можа пастаяць – і пастаіць! – за сябе.
– Не згнояць! – сказаў ціха, але цвёрда. І паўтарыў: – Цяпер не згнояць!
Тодар дацяміў, пра што гаворыць Валеры. І да яго прыбягалі думкі, каб неяк раздабыць зброю. Але – як прыбягалі, так і збягалі. А Валеры, ці бачыш, наважыўся. Наважыўся і дамогся. І рады, зразумела, – як жа, браўнінг у кішэні. Дзівак! Хіба гэта ўратуе? Хутчэй наадварот – паскорыць пагібель. Маладзён! Усё-ткі шэсць гадоў у такім узросце – вялікая розніца. У параўнанні з ім Валеры – зусім юнак. Вось і наўме хлапечае…
Валеры ж гэтую хвіліну-другую Тодаравага одумумаўчання зразумеў па-свойму. Не адказвае сябра – значыць, згаджаецца з ім, разумее і падтрымлівае, мо нават проста зайздросціць. І з той жа цвёрдасцю, перакананасцю ў голасе сказаў свайму добраму і надзейнаму таварышу, амаль што брату:
– Я ўсё абдумаў і пралічыў. У Менску мяне не будзе, з’язджаю ў Бабруйск. Буду працаваць у школе настаўнікам. Можа, хоць на нейкі час энкавэдысты забудуцца, што быў такі Валеры, які калісьці ў лісце свайму сябру Васілю напісаў: «Хай скрыгочуць здраднікі Айчыны / З іх бяссільнай злосцю у вачах, / Наша мэта – дарам не загіне, / І не згаснуць сілы у грудзях!» Нібыта правільныя, як яны казалі, словы, а на допыты за іх тры месяцы цягалі. І запомні галоўнае: калі мяне не стане – я не знік i не атрымаў дзесяць гадоў без права перапіскі. Проста не даўся жывым. Так потым і раскажаш…
Калі б Валеры ведаў ці здагадваўся, пра што цяпер думаў Тодар, моцна пакрыўдзіўся б на сябра. Ён, вядома, маладзейшы, але ж гэта загана, якая хутка праходзіць. Дый не сляпы ён і не глухі. Бачыць, што чыніцца. Усе яны, хто азваўся ў родным слове, – ворагі. Усе! Нават дзядзька Янка. Замахнуліся і на яго. Купала так ні разу і не загаварыў пра гэта. Але затое не маўчала цётка Уладка. І ён, Валеры, добра ведае, чаму ў дзядзькі Янкі трошкі скрыўленая ніжняя губа. А што да маладосці… Мо акурат таму, што малады, ён і не будзе пакорліва чакаць, пакуль аднае цёмнае начы загрукоча чорны «варанок» пад вокнамі. Мо гэта якраз ягоная перавага – маладосць. Яна дасць яму цвёрдасць і смеласць дзейнічаць. Абараніць сябе. Гэта, вядома, невялікае геройства. Ну, а калі б так зрабіў яшчэ хто? А калі б кожны, усе?
Валерыю быў час ісці, але, бачачы, што Тодар паранейшаму ўсхваляваны, не супакоіўся, ён пасядзеў яшчэ крыху. Нарэшце падняўся і, як і раней, ціха паўтарыў:
– Запомні: жывым не здаўся. Кажу гэта табе, бо, хочацца верыць, цябе не возьмуць. Вунь якія дыфірамбы пяе табе партыйны Андрэй-салавей: «Бярыце прыклад з Тодара. Тодар перабудаваўся ўжо». Нібыта забыўся, што ты калісьці сам выйшаў з камсамола і «хадзіў пад месяцам высокім і яшчэ пад грозным ГПУ».
Паклаў на стол колькі рублёў, яшчэ раз паглядзеў на сябра, махнуў рукой