– Во, бярыце, усё свежанькае – сястра толькі ўчора з Хмяльніцкага прыехала!
Але Гаўрыльчык купляць нічога не збіраўся. А пачуўшы пра нейкіх там перадавікоў, вартаўніца наогул страціла да яго прыхільнасць і ўвагу:
– Няма ў нас перадавікоў, усе адзінакава робяць. Была Алка-п’яніца, дык выгналі яе. Ідзіце во па сцежцы ў жоўтыя дзверы, я зараз Генадзяўне, нашаму начальніку цэха, пазваню.
Кабінет уладнай дамы ў атачэнні ржавай абдрыпанасці наваколля ўражваў пластыкавай бялюткасцю. А сама Вікторыя Генадзеўна глядзелася местачковаю зоркай ва ўсім сваім бляску: на вушах, шыі, на пальцах і ў роце пераможна ззяла золата. Жыццё ўдалося!
– Пра перадавікоў, значыт, пісаць будзеце. Очэнь рады, очэнь рады. Адной нашай работніцы тожа грамату ўручылі. Эта гордасць нашага праізвоцтва, душа калектыву, брыгадзір аператараў. Січас пазаву… Ленку Багуненку прыгласіце!
Шорханне, тупат. Яшчэ хвілін пяць. Ліслівы шэпт за дзвярыма: «Генадзяўна, мы тут кабанчыка ўчора калолі, дык я вам гасцінчыку прынесла. Самі ў гардэробе забераце ці мне вечарам падысці?»
У адказ паблажлівае: «Патом, Лена, патом, ідзі з карэспандэнтам пагавары, толька сматры не забудзь нічога».
У кабінет увайшла, дакладней увалілася, цягнучы за сабою нагу, «гордасць вытворчасці» – ускудлачаная кабета перадпенсійнага веку. Лена была старэйшай за Генадзеўну гадоў на дзесяць-дванаццаць, ранейшым часам у вёсцы яе б клікалі ўжо цёткай Аленай ці Багуненчыхай.
– Прывітанне, давайце знаёміцца. Я – Іван Гаўрыльчык, карэспандэнт раённай газеты, вырашыў напісаць пра вас артыкул. Дарэчы, Алена, як ваша імя па бацьку? А то кіраўніцтва нешта забылася паведаміць.
– Я, Багуненка Алена Мікалаеўна, ветэран працы. Гэта Генадзяўна маладой мяне лічыць, дык Ленкай заве. Дый няёмка ёй мяне па бацьку клікаць, усё ж начальства, хаця і ставіцца да мяне па-добраму. І я яе вельмі паважаю як спецыяліста і чулага кіраўніка, – ззяла Ленка Багуненка, нібыта кіраўнічая прыхільнасць была найвялікшым шчасцем у яе жыцці.
«Ага, толькі чуласць у вас нейкая ўзаемавыгадная атрымліваецца, – зазначыў у думках Гаўрыльчык. – Ты перад ёй лістом сцелешся, паляндвічкі носіш, а яна цябе ў перадавікі піша і, мусіць не пасылае перабіраць гнілую моркву з цыбуляю, як іншых. А што дасюль Ленкаю кліча, бы смаркачку якую, то бяда невялікая».
Між