Калі праз паўгоду мяне ўрэшце пусьцілі ў адпачынак, я зайшла да дзяўчат, якія засталіся працаваць у кавярні, у адведкі. Хай сабе гаманіць нам зь імі асабліва пра што не было, але ўсё-ткі – патрэба ёсьць патрэба. На тое ж мы й бабы, хіба не.
Дзеўкі распавядалі аб усім: пра новыя парадкі, новага шэфа, новых кліентаў. Пад канец зайшла гутарка і пра таго дзівака. «А ведаеш, ён пра цябе пытаўся», паведаміла Ядзя такім тонам, быццам гэта было штосьці значнае. «I што?», кажу, не выдаючы цікаўнасьці. «Ды так, нічога», усьміхнулася Ядзя. «Тыдні праз два пасьля таго, як ты сышла, ён тут зьявіўся. А ў нас якраз пасьля рамонту зьмянілі сталы, надпісы, фарбы, кошты, карову паставілі ў рог – сама бачыш. Ну, ён на гэта ўсё глядзіць – і стаіць, нібы вачом ня можа паверыць. Услупянеў, кшталту. Я яму кажу – што вы будзеце? а ён маўчыць, быццам аглух. Потым нарэшце пытаецца: скажэце, а дзе знаходзіцца кавярня такая й такая? Нашая, паціпу, толькі былая. Мне ажно сьмешна зрабілася. Кажу – нідзе. Няма такой кавярні. Гляджу, а ў яго ўваччу – сьлёзы. Адным словам, уломак. Як няма? кажа. Так, кажу. Раней была, а цяпер няма. Ён такі: але ж вы памятаеце, вы там працавалі? Працавала, кажу. Тады вы павінны ведаць Веру… Ну, ведаю, кажу. I дзе яна? пытаецца. Я яму: яна тут больш не працуе. Ён такі: ня можа быць – я хацеў яе ў кіно запрасіць… Ну ці ня ўломак? Кажуць, пасьля гэтага ён з глудзу і зьехаў. Цяпер ужо канчаткова. Дарэчы, вунь ён!» – і Ядзя паказала пальцам за вакно: там корпаўся ў сьметніцы невысокі чалавек у зацяганым паліто, шукаючы парэшткі недаедзенага печыва з крэмам.
Паэтка
Пруст спрабаваў адшукаць паэзію і ў грамадзкіх прыбіральнях…
Колькі ёй гадоў? Дзе яна жыве? Як выглядае? Ходзячы па вёсцы, я спрабую пазнаць яе ў тутэйшых дзяўчатах – і не пазнаю.
Ведаю, што зваць яе, здаецца, Інна. Яна – нашая вясковая паэтка. больш таго – народная паэтка.
У цяперашні час любы іншы тынэйджэр на ейным месцы папросту завёў бы сабе блог і нікога б сваёй пісанінай асабліва не абцяжарваў, як і не абыходзіў. Тым часам яна ператварыла ў свой «нерукатворны помнік» будку на чыгуначным прыпынку.
Будка ўсьцяж упрыгожаная вершамі – зьсярэдзіны, па ўсім пэрымэтры. 3 часам вершы робіцца дрэнна відаць: спачатку падлеткі паступова заціраюць іх падэшвамі й замалёўваюць фарбай з балёнчыкаў, пакуль урэшце да пытаньняў культуры ня дойдуць