Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 1942
isbn: 978-985-7165-14-8
Скачать книгу
грук-грук, бах-бах.

      Стах уперыўся ў шыхт каламажак, лічыў іх вачыма, маліў, упрошваў і падганяў. Ад нецярплівасці ўсё ў ім трэслася, дрыжала кожная жылка. Ён ведаў: хто б там ні ехаў – ён вязе ім паратунак.

      – Хоць бы ўтрымацца, – шаптаў ён. – Матулечка Боска, ты іх там падгані, а гэтым гадам сякеры спыні.

      Толькі, на гора, было запозна. Дуб трашчаў, хіліўся, падаў на зямлю. У Стаха перад вачыма паўстала смерць – акурат такая, якую ён на карціне нейкай бачыў: з касой. Ён заплюшчыў вочы, заткнуў вушы, перастаў дыхаць – і ляціць… Горача… пячэ ўсё цела. Цяплей за ўсё – у штоніках. Ён разумее, чаму, але не пераймаецца. Усё адно паміраць.

      І тут яму здалося, што нешта задоўга ён ляціць. Набраўшыся смеласці, ён адкрыў вочы і вушы. Дуб стаяў на месцы, сякеры больш не грукалі. Каламажкі былі ўжо на павароце да загарадзі, самае большае за дзве стаі. У кожнай сядзелі мужчыны – па двое, па трое. У некаторых на грудзях зіхацелі бляхі ляснічых і тырчалі з-за плячэй рулі стрэльбаў. За імі скакала паўтара дзясятка вершнікаў. Над полем разносіўся спуджаны лямант нападнікаў:

      – Леснікі! Леснікі едуць! Мечык едзе! Смалерчукі! Мечык-воўчабілетнік едзе! Уцякайма, братцы! Уцякайма, каму жыццё дарагое!

      Шквал камянёў радзее, сціхае. Усе ў паніцы кідаюцца наўцёкі. Перапалох на ўсім полі пануе. Хтосьці з конюхаў намагаецца звесці сваіх коней, але большасць пра ўсё на свеце забылася.

      Коннікі абганяюць каламажкі, сцяжынаю мкнуць да ракі, атачаюць злачынцаў справа і пераразаюць ім дарогу да моста. Балашэвічы са зграяй сабак утвараюць крыло з левага боку. Леснікі пераскокваюць загарадзь і ланцугом разыходзяцца ззаду па канюшыне. Узялі ў колца і пагналі, а якога мужыка дагоняць – то лупяць кіямі, джгаюць па лытках пугаю, цкуюць сабакамі і топчуць коньмі. Хацелі былі кагось з завадатараў схапіць, але тыя як прыйшлі першыя, так першыя і паўцякалі.

      Стах злез з дуба і таксама кінуўся ў пагоню. Неўзабаве ён наткнуўся на дзеда, які з мажным барадачом, якога клікалі Мечык, павольна ішоў ззаду за леснікамі. Хлопчык з плачам кінуўся да іх:

      – Дзеда! Я смерць з касой бачыў!

      – Каго бачыў? – перапыталі абодва, спыніўшыся.

      – Смерць! Я на верхавіне дуба сядзеў, а мужыцкія хлопцы яго рубалі! Зірніце во!

      Мужчыны застылі як укапаныя, гледзячы то на дуб, то на хлопчыка.

      – Дык ты на дубе быў? – усклікнуў Балашэвіч. – Марыя святая, ён жа ледзь стаіць. Божа мой! Пане Пятроўскі, зірні!

      – Дзіва вялікае, што ён яшчэ стаіць, – дадаў Пятроўскі, убачыўшы, наколькі пасечаны камель. – Авохці, гэта ж калі б з вышыні, смаркач бы ў блін разбіўся.

      – Разбіўся б дакладна. У мяне дрыжыкі па ўсім целе прайшлі. Бедны хлопча, – прытуліў унука Балашэвіч. – Якога ж страху ты нацярпеўся. Але і шчасце тваё вялікае.

      – Вялікае шчасце! Як на мяне, тое знак Божы. Знак, што смаркач важным чалавекам будзе. Вось пабачыце.

      – Можа быць, – згадзіўся стары, крыху падумаўшы. – Магчыма, Бог паможа наш намер споўніць. Мы думаем яго на ксяндза вучыць. Калі б не сённяшняе няшчасце, ужо гэтай восенню аддалі б