Хвала Богу, стрымаў.
Адправіўшы сыноў на вайну, палякі стаіўшы дыханне сачылі за яе ходам, прагнучы для Расіі перамогі. Мала дзе чыталі столькі газет, колькі іх пачалі чытаць у Смалярні. Іх увагі не маглі ўнікнуць нават найдрабнейшыя ваенныя звесткі. Яны радаваліся поспехам Антанты, бедавалі праз паразы і толькі дзівіліся, што газеты перасталі пісаць пра абяцанае ў маніфесце ўваскрашэнне Польшчы. Ніводнае згадкі пра гэта больш не адшуквалася ні ў расійскай, ні ў польскай газеце. Няўжо гэтая справа ўжо была вырашаная так дакладна і цвёрда, што перастала цікавіць людзей? Яшчэ ж нават не было вядома, будзе Польшча пад расійскім царом ці займее ўласнага караля і дакуль сягнуць яе межы. Хто-ніхто прапаноўваў пасля збору ўраджаю адправіць да пробашча спецыяльную дэлегацыю і даведацца, што там з гэтым пытаннем адбываецца на справе.
Тым часам Казік і Стах, дамовіўшыся з самымі паважанымі гаспадарамі, рыхтаваліся да адкрыцця смалярскай польскай школы з большым размахам. Сапраўдную школу вырашылі заснаваць – са сталай навучальнай праграмай і падзелам вучняў на класы. Яны паслалі ў Мінск купіць лемантары, чытанкі, паставілі дошкі і пафарбаваныя лавы, вывучалі падручнікі, граматыкі і пропісі, пазычаныя Казікам яшчэ ўвесну ў магільнецкага арганіста, і зацвердзілі папярэднюю праграму. Сцяпура аддаў пад школу сваю новую прасторную святліцу.
У апошнюю нядзелю верасня яны з цэлай ваколіцы склікалі бацькоў і склалі спіс дзяцей, што меліся хадзіць у школу. Кантычка асвяціў клас, лаўкі, адправіў набажэнства падзякі за спасланне палякам волі, і назаўтра пачалося навучанне.
Праз тыдзень да іх заявіўся ўраднік. Спыніў брычку ля хаты Сцяпуры і гайсануў проста ў клас.
– Охо-хо! – усклікнуў ён, пераступіўшы парог. – І скамейкі… і дошка! Настаяшчае учылішча. Ну і кто вам, рабяты, пазволіў?
– Што значыць хто пазволіў, – адказаў Казік. – Мы ж нядаўна свабоду здабылі.
– Свабоду?