Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 1942
isbn: 978-985-7165-14-8
Скачать книгу
іх адно раздражніце і ўсё. А я вам кажу, што як добра налупіць, дык больш не прыйдуць. Вось як дзяцей свавольных вучаць?

      Балашэвіч нязгодна пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў.

      – Ой, пане Васілеўскі, верыш – так нам гэтая грызня з імі ўгоркла, аж страх! Мы ўжо з сынамі гаварылі: хай толькі Бог дасць да канца кантракту дажыць, а болей не трэба. Свайго, уласнасці сваёй, ужо будзем у люднейшым месцы шукаць.

      – Ай, ды перамелецца ўсё, праміне – і далей тут жыць будзеце. Столькі гадоў ужо… Такі хутар кідаць не варта… А яшчэ чаго ў вас новага? Як здароўе вашае?

      – Дзякуй за клопат, от, клыпаю памаленьку.

      – І тое добра. Вам, пане Балашэвічу, зараз толькі жыць і песні спяваць. Такую гаспадарку паднялі, такіх сыноў разумных выгадавалі! Во, – павярнуўся ён да хлопчыка, – і ўнук ужо які! Такі ваяка. А вучышся як? Чытаеш лоўка ўжо?

      Ён на ўласныя вушы чуў неяк, як хлопец чытае, але згадаў навуку, бо хацеў пахваліцца ўласным сынам.

      – Добра вучыцца, – сказаў Балашэвіч. – Ты ж чуў яго чытанне.

      – І мой ужо чытае, дзякуй Богу.

      – Чытае, кажаш? А я ж помню, што як зімою малацілі, то быў у нас і не ўмеў ні бэ ні мэ.

      – Так, зімою жаднай літары не ведаў, а цяпер от чытае – як рэпу грызе.

      – Скуль жа так хутка? Навучыў хто?

      – Дык часам Казік са Смалярні, Каралеў унук, паказвае, а астатняе сам. Знойдзе якую паперку друкаваную і разбірае сабе, чытае, вучыць. Так яму навучыцца закарцела, што нават і ў сне пра гэта гаворыць.

      – Калі так моцна хоча, то вучыце, час ёсць яшчэ, хлопец не стары.

      – Лёгка сказаць – вучыце, але дзе, як, за што?

      – Зімою хай да Казіка ходзіць, недалёка ж. Ці, можа, ён болей вучыць не будзе?

      – Вучыць будзе, але незасцянковых баіцца браць, каб ураднік не разагнаў.

      – Пагутары са сваім аб’ездчыкам, мо штосьці…

      – Ды што там аб’ездчык, – перарваў Васілеўскі. – Я самога памешчыка хачу прасіць. Калі прыедзе зімой на паляванне і з мядзведзем пашанцуе, дык пакланюся яму нізка, руку пацалую і буду прасіць памагчы ды парадзіць. Прасіць буду.

      – Прасіць можна, язык не адваліцца, – пагадзіўся Балашэвіч і паглядзеў на сонца, якое ўжо хавалася ў прагал між верхавінамі лясных дрэваў. – Але пакуль мы тут з табою блынды правім, час бяжыць. Мне сёння трэба яшчэ з сынамі параіцца і да заўтрашняга разбору падрыхтавацца. Хадзем, Сташку, – паклікаў ён унука. – Запрашаю, пане Васілеўскі, да нас на хутар у госці.

      – Ды якія госці… Дзякуй, але пабягу. Сёння неяк да Ямаў і Храпачова дабрацца трэба. Можа, збяру трохі людзей, каб памаглі вам заўтра.

      Развіталіся як заўсёды – малодшыя пацалавалі рукі старэйшым – і разышліся: Васілеўскі – на іншы бок лесу, а тыя двое – вузкай сцяжынай праз поле, дзе красавала жыта, на хутар.

      Стары глыбока занурыўся ў думкі. Пахвальныя словы лесніка пра гаспадарку і сыноў абудзілі згадкі пра ўсе злыбеды, якія ён зазнаў, пакуль падняў гаспадарку ды выгадаваў дзяцей. Як нітка з разматанага клубка, цягнулася праз ягоныя думкі чарада карцінаў уласнага жыцця аж ад 1875 года, калі ён з-над Дняпра