Але пасля я зноў засяроджваюся на чорных i белых квадрацiках дошкi, прыгадваю гульню ў інь i ян, i думаю, што не ўсё так кепска. Я думаю, што такая заблытаная логiка Гары можа мне нават вельмi спатрэбiцца. Яна дапаможа прыдумаць заканчэнне майму няскончанаму i ўжо амаль настолькi ж заблытанаму апавяданню.
Я ўвесь час думаю пра сваё апавяданне і пра Гары ў ім. Я хачу, каб ён разблытаў вузел, які старанна сплятаўся некалькі апошніх тыдняў, – я хачу, каб ён разблытаў маё недапісанае апавяданне. У той час я пісала апавяданне пра магічны тэатр. Пра Гары і магічны тэатр. Дакладней, Гары самога ў гэтым апавяданні не было – пад ім хаваліся некалькі персанажаў, і ўсе яны ў выніку мусілі зняць свае маскі. Зрэшты, маскі ніхто ў апавяданні, хутчэй за ўсё, так і не зняў, – падазравала я, – але справа была не ў гэтым. Справа была ў тым, што адным з яго ўвасабленняў у апавяданні я зрабіла сябе. Мне цікава было, якое месца я займаю ў тэатры Гары. Якую ролю я сама сабе адвяду ў гэтай гульні. Зрэшты, роляў можа быць шмат. Але ўся праблема ў тым, што – як ні паглядзі – спакуса мяне чакала ў кожнай ролі і магчымасць здрадзіць – таксама была ва ўсіх ролях. Таму я наўмысна правакую сама сябе ў апавяданні – і пытаю: кім ты хочаш быць, Марго? Ці – з кім ты хочаш быць? Я спальваю ўсе масты – і далей ужо не магу адгаворвацца. Я мушу нарэшце даць адказ.
– Паслухай, Гары, – не вытрымліваю я і ўжо падчас гульні, не дачакаўшыся сваёй чаргі жаданняў, задаю яму пытанне. – Я перапісваю ўжо некалькі разоў сваё апавяданне, але шторазу спыняюся на адным i тым жа пытаннi. Кiм я хачу быць? У мяне ўвесь час круцiцца адзiн i той жа адказ – але гэты адказ прыдуманы не мной, а героем Сэлiнджэра. “Я хачу стаць мёртвым катом,” – сказаў Сімур бацькам нарачонай, калі яны запыталіся пра яго будучыню. Я таксама хачу сказаць, што буду мёртвым катом, але хіба гэта не будзе хлуснёю, Гары? Я ж не бацькам нарачонай буду адказваць, я буду адказваць свайму ўласнаму тату. І як мне сказаць яму – мёртвы кот? Як мне сказаць, што самае бясцэннае ў жыцці – гэта мёртвы кот, на якога ніхто ніколі не зможа прызначыць цану. І хіба я змагу перамагчы калі-небудзь свайго ўласнага тату? – я змаўкаю ненадоўга, толькі каб злавіць позірк Гары: ён углядаецца ў аблокі, зноў шукае вецер, і менавіта цяпер ён – я гэта адчуваю – зможа адказаць мне так, як ён адказваў падчас старой дзіцячай гульні ў інь і ян. Я нарэшце пытаю Гары ціха і ўважліва: – Чым мне скончыць апавяданне, Гары? Што мне адказаць тату?
– Так i скажы яму, – прапаноўвае Гары, – “Я хачу быць мёртвым катом”. Пасля гэтага ён ужо не атрымае над табой перамогi.
– Але i я пасля гэтага не буду пераможцай, бо хiба гэта прыдумала я?
– Не, гэта, вядома, прыдумала не ты, – пагаджаецца Гары. – I, дзякуй Богу, пераможцай ты ўжо таксама нiколi не будзеш. Цяпер ты проста будзеш… непераможнай, – кажа Гары і расплюшчвае вочы. – Мат, – кажа ён і забірае майго караля.
Ён у гэты момант глядзіць на мяне ўважліва-ўважліва. Нават выпрабавальна – засмучуся ці не. Развесялюся ці застануся