Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік). Наталка Харытанюк. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Наталка Харытанюк
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Галерэя «Б»
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2010
isbn: 978-985-6901-94-5
Скачать книгу
е, але не злавіў, – паскардзіўся Скаварада, калі мы ўтрох прагульваліся ля Паўночнай затокі.

      – Жыццё імклівае і зменлівае, – пагадзіўся Ван Сіджы, – толькі і паспявай. Не ва ўсіх гэта атрымліваецца.

      – Таму я ўсё жыццё марыў стаць мёртвай коткай, – прызнаўся Гары.

      Мы вярнуліся дадому, а я ўсё яшчэ думала пра нашую размову ля затокі.

      – Ты павінная пра гэта напісаць, – параіў мне Гары.

      – Пра што – гэта? – не зразумела я.

      – Няясна, – загадкава ўсміхнуўся Гары. І вось мой першы запіс.

* * *

      “Героі маёй кнігі спрабуюць навучыцца жыць, калі жыццё праплывае праз іх, як аблокі, і калі няясна – чым перамога адрозніваецца ад паразы…” – напісала я ва ўступе да сваёй кнігі.

      – Выдатна, – усміхнуўся Гары. – Цудоўна, – падняўся ён, каб сысці і нічога мне не патлумачыць. Ні як жыць сярод аблокаў, не разбіўшы галоваў. Ні як прыдумляць жаданні, калі перамога і параза больш нічога не значаць.

* * *

      У мудрага і, як ён сам любіў падкрэсліваць, “абазнанага ў поўні і восені” Гары ўлюбёным словам было – няясна. Ён прамаўляў яго, соладка заплюшчыўшы вочы, і тым блытаў усе мае карты.

      – Хто ты такі? – нарэшце спытала я.

      – Твой апошні аргумент, – амаль весела ўсміхнуўся Гары і нібыта сам здзівіўся такому адказу. Ён прыўзняў рукі ў сваім даоскім гэсце – (гэсце свята? гэсце ўзвышэння?) – лёгка і радасна, нібыта наперадзе нас зусім не чакала заблытаная партыя ў шахматы.

* * *

      – Няясна, – паўтарыла я і вырашыла, што мая кніга будзе пра той гэст, з якім Гары прамаўляе сваё ўлюбёнае слова.

      Пра здзіўленне, якое не вымагае ніякіх пошукаў і тлумачэнняў. Пра радасць, з якой Гары не разумее і нават не спрабуе зразумець. Пра мёртвую котку, якой хацеў стаць студэнтфілосаф – і якой баюся да канца стаць я.

      Вось пра гэта мая кніга і будзе.

      Аблокі

      Калi Гары прапанаваў мне згуляць партыю, я пагадзiлася не адразу. Я засумнявалася, бо ў Гары была падазроная манера гуляць у шахматы. Ён гуляў навослеп: заплюшчваў вочы, яшчэ расстаўляючы фігуры на полі, і расплюшчваў іх, толькі калі ставіў мат.

      “Скажы шчыра, Гары, – аднойчы я спытала яго, – у чым твой сакрэт? Хіба табе зусім нецікава, які я раблю ход? Хіба для гульні зусім-зусім неістотна, на што я замерваюся?”

      Гары ледзь заўважна ўсміхнуўся на гэта (яго нечым насмяшылі мае пытанні) i, задуменна ўглядаючыся ў аблокі, адказаў: “Кожны твой ход – страшэнна істотны для мяне. Істотны настолькі, што я магу забыць пра самае галоўнае. А пра галоўнае забываць нельга. У гэтым галоўным – сэнс гульні. Гэтае галоўнае – і ёсць сама гульня”.

      Вось так. Менавіта так, слова ў слова, сказаў мне мой стары сябар Гары, а я не наважылася спытаць, што гэта – самае галоўнае. Бо, калі я яго слухала, мне здавалася, што я ўсё разумею. А пасля яно – гэтае разуменне – кудысьці знікала, я забывала сэнс прыгожых слоў Гары. Дарма што ён увесь час паўтараў і паўтараў: нельга забываць пра галоўнае. Ніколі нельга забываць пра галоўнае.

      Вось і цяпер ён кажа мне пра сакрэт гульні, спакушаючы яшчэ раз згуляць з ім. Гары кажа гэта, дастаючы сваю новую шахматную дошку, якую яму зусiм нядаўна падаравалi. Дошка нагадвае мне сваiмі чорна-белымі клеткамі старую дзiцячую гульню ў iнь i ян, i я ўжо пачынаю пераконваць сябе, што ў незвычайных рытуалах Гары ёсць нешта прывабнае: ён упарта не хоча бачыць маю паразу. Я амаль пагаджаюся на партыю, але стаўлю ўмову: – Мы будзем гуляць на жаданнi, Гары.

      – Выдатна, – смяецца ён, зусім не адчуваючы пагрозы.

      – Жаданнi загадвае той, хто атрымлiвае паразу, – насцярожана папярэджваю яго я, але на Гары мае словы не робяць анiякага ўражання.

      Ён заплюшчвае вочы, і мы пачынаем партыю. Спачатку я спрабую сачыць за хадамі Гары, але гэта мне ніяк не дапамагае – Гары забірае фігуру за фігурай, прабіраючыся наперад, і калі ён займае ўвесь цэнтр, я больш не супраціўляюся. Я вырашаю, што цяпер ужо позна засяроджвацца на гульні – і тады з лёгкасцю пачынаю думаць пра сваю нечаканую ўмову, якую сама паставіла перад пачаткам партыі – пра жаданне, якое цяпер давядзецца прыдумляць. Я хачу знайсці жаданне – такое ж грандыёзнае, як і гульня Гары навослеп, жаданне, выканаць якое Гары зможа, толькі калі прыгадае нашую з ім дзіцячую гульню ў інь і ян. А гэта не так і проста.

      Вядома, жаданне маё мусіць быць, – разважаю я сама з сабою, – метафізічным. Іначай – ніякага сапраўднага выпрабавання для Гары ў гэтым не будзе. Ён жа не любіць глядзець на выпрабаванне – ён перамагае яго, заплюшчваючы вочы. Гары заплюшчвае вочы не толькі падчас гульні ў шахматы. Здаецца, ён так і жыве – з заплюшчанымі вачыма.

      І нават калі ён расплюшчыць іх, каб сказаць мне: “Мат”, – ён, так мне здасца, усё яшчэ будзе недзе там. І глядзець ён будзе не на мяне – а наскрозь (так, як глядзяць адтуль). Настолькі наскрозь ён будзе глядзець, што пабачыць нарэшце тое жаданне, якое я яшчэ не паспею прыдумаць.

      І вось так Гары будзе глядзець на мяне і бачыць маё жаданне – але я буду маўчаць, – а таму ён не вытрымае і загаворыць першым.

      – Паслухай, –