Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Андрэй Федарэнка
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Беларуская проза XXI стагоддзя
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2014
isbn: 978-985-02-1519-2
Скачать книгу
праходзіў па сцежцы і ўзнікаў на парозе дзядзька Стэфан. Моўчкі здымаў кепку, азіраўся. Маці брала кепку і чапляла на той самы цвік, дзе нядаўна вісеў капялюш.

      – Гэта ж трэба! Як цікуюць адзін за адным! – усплясквала рукамі баба Домна. – Не каб разам сабрацца!

      Дзядзька Стэфан пазіраў у падлогу. Так і чакалася, што зараз чалавек пачне каяцца, прасіць прабачэння, выкручвацца. Але ён не каяўся, а казаў толькі: – Во-о-сь, – і апускаўся на табурэтку.

      Стэфан працаваў вартаўніком на аэрапорце, куды ездзіў веласіпедам. Калі яго брат Стах смакаваў слова “браніроўшчык”, дык Стэфан, падкрэсліваючы выгоднасць свайго вартаўніцтва, з няменшай важнасцю зазначаў, што ў яго праца: – Суткі праз двое!

      Жыў вельмі замкнута, аднаасобна, вёў амаль натуральную гаспадарку. Але імкнуўся да яшчэ большай незалежнасці, поўнай.

      – Ты не мог раней прыйсці? – ужо на яго перакідвалася Домна. – Далёка табе?

      На што Стэфан зноў цягнуў глыбокадумна: – Во-о-сь.

      У яго быў выгляд суддзі, ці пракурора, які нарэшце заявіўся, каб сказаць сваё апошняе важкае слова і абвесціць прысуд. На Домну ён не звяртаў увагі, а ў братавай строга спытаў: – Дык кім ён там у цябе робіць? – Яго зразумееш? Ці то сплаўшчыкам, ці лоцманам, ці боцманам… Як гэта правільна: лоцман ці боцман? – Не ведаю і ведаць не хачу, – адрэзваў Стэфан. – Брэша ўсё жыццё. Абодва слова праўды не сказалі ніколі: што твой, што Медны…

      – Які ён табе Медны?! – не вытрымлівала, крычала Домна. – Ён табе родны брат! Вы мірыцца калі-небудзь надумаеце?! Чаго вам не хапае?! Здаровыя, не калекі, не лядачыя, з рукамі-нагамі, багатыя… Жывеце асобна, як у раі… Што вы дзеліце?

      Адказу не дачакалася, ды, было відаць, не надта і чакала яго, а проста так казала – па завядзёнцы.

      Дзядзька Стэфан таксама доўга сядзеў. Піў “абрыкосаўку”, закусваў, памаленьку чыхвосціў аднаго брата, другога, і ўсіх слабадчан за кампанію.

      Калі ўсё канчалася, маці падлічвала страты і толькі рукамі разводзіла.

      – Але ж і сыны ў вас! Гэта ж трэба: трое мужчын перабыло, усе адчынялі веснічкі, бачылі, што клямка на адным цвіку вісіць – і ніхто не паправіў! Прыдуць, як у шынок, паядзяць, пап’юць, пачэшуць языкі, а ты слухай ды кожнаму ківай… Я думала, у мяне муж, ды свякруха, ды два дзеверы – я з імі гора ведаць не буду! А тут – абы-што!

      – Ох, твая праўда, донечка… Я ўсё думаю, не яны – я вінаватая! Мо я ім замінаю?..

      Гэта была любімая бабіна тэма. Неаднойчы яна і раней казала, што, відаць, толькі яе смерць памірыць і аб’яднае братоў.

      6

      Аднойчы ў красавіку, пад вечар, Пятрусь з сябрам-аднагодкам Тамашам Капорам гулялі каля аўтобуснага прыпынку ў “цір” – шпурлялі каменьчыкі ў шыльду “Чэшская Слабада”.

      Выйшла з дому Галька, старэйшая Тамашава сястра, у белай спаднічцы, у белых калготках. Галя вучылася ў школе, ёй было ажно 9 гадоў. З імі, малымі, яна не цырымонілася. Любіла мерацца ростам, падцягвала за вуха блізка, праводзіла далонню па макаўцы – і Тамаш, і Петрык даставалі ёй толькі да грудзей.

      Галька