Коннік без галавы. Майн Рыд. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Майн Рыд
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Литература 19 века
Год издания: 1865
isbn: 978-985-01-0153-2
Скачать книгу
Містэр Джэральд, пакуль я буду рыхтаваць прыпарку, пашукайце, чым яго перавязаць.

      Перш за ўсё паляўнічы зрэзаў нажом калючкі. Затым, выдаліўшы скурку, ён нарэзаў кактус тонкімі скрылікамі, разлажыў іх на падрыхтаванай мустангерам чыстай анучцы і спрытна прылажыў гэту «прыпарку», як ён яе назваў, да барвовай паласы на целе Фяліма.

      Кактус хутка падзейнічаў – яго сок быў добрым проціяддзем. I Фялім, заспакоены ўпэўненасцю, што небяспека мінула, а таксама ад стомленасці, забыўся моцным асвяжальным сном. Пасля няўдалай спробы зайсці мнаганожку – агіднага паўзуна, які, у адрозненне ад змяі, не баіцца перапаўзаць цераз валасяную вяроўку, доктар-самавучка вярнуўся на свой лужок, дзе спакойна праспаў да раніцы.

      Ледзь развіднела, усе трое былі на нагах. Фяліма ўжо не трэсла ад ліхаманкі, і ён забыў усе страхі. Паснедаўшы рэшткамі смажанага індыка, яны сталі спешна збірацца да ад’езду. Разам са старым паляўнічым былы грум з Балібалаха рыхтаваў дзікіх коней да падарожжа праз прэрыю. Морыс тым часам займаўся сваім канём і крапчастай кабылай. Асабліва вялікую ўвагу ён удзяляў цудоўнай палонніцы: старанна расчэсваў ёй грыву і хвост, счышчаў з бліскучай шэрсці плямы бруду – сляды ўпартай пагоні, што сведчыла аб тым, як цяжка было накінуць ласо на яе гордую шыю.

      – Кіньце! – сказаў Зеб, не без здзіўлення назіраючы за мустангерам. – Дарэмна вы так стараецеся. Вудлі Пойндэкстэр не з тых, хто адмаўляецца ад свайго слова. Вы атрымаеце дзвесце долараў – паверце старому Зебу Стумпу. Чорт вазьмі, яна і вартая гэтых грошай!

      Морыс нічога не адказаў, але, мяркуючы па ўсмешцы, што зайграла ў кутках яго рота, можна было здагадацца, што кентукіец зусім не зразумеў прычыны яго асаблівай увагі да крапчастага мустанга.

      He прайшло і гадзіны, як мустангер ужо рушыў у дарогу на сваім гнядым кані, ведучы за сабою на ласо крапчастую кабылу. Ззаду жвавай рыссю бег табун, за якім наглядаў Фялім.

      Зеб Стумп на сваёй старой кабыле ледзь паспяваў за імі.

      Ззаду, асцярожна ступаючы па калючай траве, трухала Тара.

      Ніхто не застаўся ахоўваць хаціну: яны проста зачынілі дзверы, абцягнутыя конскай шкурай, каб унутр не забраліся чатырохногія жыхары прэрыі. I цяпер цішыня, што панавала навокал, парушалася толькі крыкам вушастай савы, віскам пумы і нудным брэхам галоднага каёта.

      9. Памежны форт

      На высокім флагштоку форта Індж развяваецца флаг, усеяны зоркамі: ён адкідае хісткі цень на своеасаблівую, дзіўную панараму.

      Гэта карціна сапраўднага памежнага жыцця – праўдзіва перадаць яе мог бы, мабыць, толькі пэндзаль Вернэ Малодшага, – жыцця напаўваеннага, напаўцывільнага, напаўдзікага, напаўцывілізаванага; тут вы ўбачыце і бледнатварых і каляровых людзей у самым разнастайным убранні, людзей усіх прафесій і рознага грамадскага стану.

      I сам форт мае такі ж незвычайны выгляд. Зорны флаг развяваецца не над бастыёнамі з зубчастымі сценамі, ён адкідвае свой цень не на казематы ці патаемныя хады: тут няма ні равоў, ні валоў – нічога, што нагадвала б крэпасць.