Коннік без галавы. Майн Рыд. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Майн Рыд
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Литература 19 века
Год издания: 1865
isbn: 978-985-01-0153-2
Скачать книгу
Тара, неацэнная мая, – усклікнуў чалавек у плісавых штанах, – хочаш назад у Балібалах? Напэўна, рада была б пабегаць у двары замка па чыстых плітах! I падкармілі б цябе там як трэба, a то, глянь, скура ды косці – усе рэбры пералічыць можна. Дружочак ты мой, мне і самому туды хочацца! Але хто ведае, калі малады гаспадар надумае вярнуцца ў родныя мясціны! Ну нічога, Тара! Ён хутка паедзе ў пасёлак, стары ты мой дружа, абяцаў і нас прыхапіць – і то добра. Чорт вазьмі! Вось ужо тры месяцы, як я не быў у форце. Можа, там я і сустрэну якога-небудзь дружка сярод ірландскіх салдат, якіх сюды днямі прыслалі. Ну ўжо і вып’ем тады! Праўда, Тара?

      Пачуўшы сваё імя, сабака падняў галаву і фыркнуў у адказ.

      – Ды і зараз добра было б прамачыць горла, – працягваў ірландзец, кідаючы прагны позірк у бок бутлі.– Толькі вось бутля ўжо амаль пустая, і малады гаспадар можа спахапіцца. Ды і нячэсна піць без дазволу. Праўда, Тара?

      Сабака зноў падняў морду над попелам і зноў фыркнуў.

      – Ты ж у мінулы раз сказала «ага»? I цяпер кажаш тое ж самае? А, Тара?

      Сабака зноў выдаў той жа гук, які мог быць выкліканы невялікай прастудай або попелам, што трапіў яму ў ноздры.

      – Зноў «ага»? Так і ёсць! Вось што гэтае нямое стварэнне хоча сказаць! He спакушай мяне, стары злодзей! Не-не, ні кроплі віскі. Я толькі дастану корак з бутлі і панюхаю. Напэўна гаспадар нічога не заўважыць; а калі б нават і заўважыў – ён не раззлуецца. Толькі панюхаць – гэта ж не бяда.

      З гэтымі словамі ірландзец устаў і накіраваўся ў куток, дзе стаяла бутля.

      Нягледзячы на ўсе запэўненні, у яго руках было штосьці зладзейскае – не то ён не быў упэўнены ў сваёй чэснасці, не то сумняваўся, ці хопіць у яго сілы волі процістаяць спакусе.

      Ён пастаяў крыху, прыслухаўся, абярнуўшыся да дзвярэй; потым падняў спакуслівую пасудзіну, выцягнуў корак і паднёс рыльца бутлі да носа.

      Некалькі секунд ён заставаўся ў гэтай позе; у цішыні толькі час ад часу чулася фырканне, падобнае да таго, якое выдаваў сабака і якое ірландзец вытлумачыў як сцвярджальны адказ на свае сумненні. Гэты гук выражаў задавальненне ад духмянага моцнага напою.

      Аднак гэта заспакоіла яго толькі на кароткі час; паступова дно бутлі падымалася ўсё вышэй, а рыльца яе з той жа хуткасцю апускалася прама да выцягнутых губ.

      – Чорт вазьмі! – усклікнуў ірландзец яшчэ раз, глянуўшы крадком на дзверы. – Плоць і кроў не могуць процістаяць паху гэтага цудоўнага віскі – як не паспрабаваць яго! Было не было! Я толькі адну кроплю, толькі б змачыць кончык языка. Можа, апяку язык… ну ды ладна.

      I горла бутлі прыйшло ў сутыкненне з губамі; але, відаць, справа ішла не аб «кроплі, каб змачыць кончык языка», – пачулася бульканне вадкасці, якое сведчыла, што ірландзец, відаць, вырашыў прамачыць як след усю гартань і нават больш.

      Цмокнуўшы з задавальненнем некалькі разоў, ён заткнуў бутлю коркам, паставіў яе на месца і зноў усеўся на сваю табурэтку.

      – Ах ты, старая шэльма Тара! Гэта ты ўвяла мяне ў спакусу. Ну нічога, гаспадар не даведаецца. Усё