– Я ўжо знайшоў, – ціха адказаў Холмс. Палкоўнік і я агаломшана глядзелі на яго.
– Вы знайшлі яго? І дзе ж ён?!
– Ён тут.
– Тут! Дзе?
– Я стаю побач з ім.
Абураны палкоўнік пабарвавеў.
– Я разумею, што многім абавязаны вам, містэр Холмс, – сказаў ён, – але мушу сказаць, што гэтая заўвага – альбо вельмі дрэнны жарт, альбо абраза.
Шэрлак Холмс засмяяўся.
– Запэўніваю вас, палкоўнік, я не меў на ўвазе, што злачынства ўчынілі вы, – сказаў ён. – Сапраўдны забойца знаходзіцца за вашай спінай.
Ён зрабіў некалькі крокаў наперад і паклаў руку на глянцавую шыю скакуна.
– Конь?! – выгукнулі мы з палкоўнікам у адзін голас.
– Менавіта, конь. І ягоную віну можа змякчыць тое, што ён зрабіў гэта абараняючыся і што Джон Стрэйкер быў чалавекам, зусім не вартым вашага даверу. Але я чую званок і, паколькі спадзяюся на невялікі выйгрыш у наступным забегу, адкладу доўгія тлумачэнні на пазнейшы час.
На той вечар у нас былі заказаныя месцы ў пульманаўскі вагон*, бо мы спяшаліся ў Лондан, і мне думаецца, што зваротная дарога праляцела незаўважна і для палкоўніка Роса, і для мяне, бо мы прагна слухалі расказ майго кампаньёна пра падзеі, якія здарыліся на трэніровачных стайнях у Дартмуры ў панядзелак ноччу, і пра зачэпкі, якія дапамаглі Шэрлаку Холмсу раскрыць справу.
– Трэба прызнаць, – казаў ён, – што ўсе тэорыі, якія я выбудаваў, грунтуючыся на газетных рэпартажах, аказаліся памылковымі. Але там былі важныя дэталі, якія, на жаль, танулі ў завялікай колькасці другаснай інфармацыі. Я прыехаў у Дэваншыр, перакананы, што Фіцрой Сімпсан сапраўды вінаваты, хаця, натуральна, бачыў, што доказаў супраць яго ні ў якім разе не дастаткова. Якраз у экіпажы, калі мы пад’ехалі да дома трэнера, я зразумеў, як шмат значыла кары з бараніны. Вы, мусіць, памятаеце, што я быў засяроджаны на сваіх думках і застаўся сядзець у экіпажы, калі вы ўсе выйшлі. Я не мог даць сабе веры – як я мог праглядзець такі відавочны ключ да развязкі?
– Прызнаюся, – сказаў палкоўнік, – што не магу спасцігнуць, як нам дапамагае бараніна.
– Гэта было першае звяно ў ланцугу маіх дэдуктыўных развагаў. Парашковы опій не прэсны. Смак не такі ўжо брыдкі, але яго можна адчуць. Калі яго падмяшаць у звычайную страву, яго дакладна заўважаць і, хутчэй за ўсё, болей есці не будуць. А вось кары дакладна замаскіруе гэты смак. Фіцрой Сімпсан, чужы чалавек у доме, ніяк не мог арганізаваць прыгатаванне кары тым вечарам, і зусім неверагодна, што страву, якая магла б адбіць падазроны смак, абсалютна выпадкова падалі на вячэру акурат тады, калі ён завітаў з парашковым опіем. Гэтага быць не можа. Таму Сімпсан выключаецца з падазраваных, а нашую ўвагу займаюць Стрэйкер і ягоная жонка, адзіныя людзі, якія маглі б выбраць кары з бараніны на вячэру тым днём. Опій дадалі пасля таго, як порцыю адклалі для памочніка конюха, бо астатнія елі на вячэру тое ж самае без шкодных наступстваў. Хто з іх мог падсыпаць парашок так,