Але вось ужо чатыры гады пасля інстытута пяць дзён на тыдзень яна іх рэдагуе да шэрых пчолак у вачах, ненавідзячы саму сябе за няздольнасць пайсці адсюль, з грашовай працы… Як яна ненавідзіць гэтую працу, як ненавідзіць сцены, у якіх праводзіць большую частку жыцця!
Ды ўсё, на што Асі хапіла пасля размеркавання сюды, – гэта на знак пратэсту зрабіць татљ на правым плечуку ў выглядзе жабкі. Але ж не будзеш круглы год за выняткам выходных хадзіць па калідорах з аголенымі плячыма, а ўлетку ў Шэрай Будыніне было горача, як у пазасветнай лазні, супрацоўнікі соўгаліся ў мятых ільняных касцюмах, з апухлымі вачыма, нібыта пакрытымі ільснянай плёнкай, і на татушкі маладых супрацоўніц увагі не звярталі. Магчыма, падсвядомым жаданнем абараніцца тлумачылася і Асіна прыхільнасць да пярсцёнкаў і бранзалетаў… Яе тонкія пальцы былі закаваныя ў бразготкую браню металу і камянёў: вядома, не золата-дыяменты, а камяні напалову высакародныя, напалову простыя. Бастарды ў свеце каштоўнасцяў. Яшма, сердалік, лазурыт, змеявік, кашэчае вока, хрызапраз, аванцюрын… Несуразмерна ейным танклявым рукам вялікія, але кожны – са сваім каменным сэрцам, закаваным у не самыя вытанчаныя аправы… Ну і набор бранзалетаў – плеценыя са скуры, мядзяныя, набраныя з камянёў жа… Часам, калі Ася глядзела на свае складзеныя на стале рукі, з дна свядомасці ўсплывала скептычнае: «Нацюрморт «Мара геолага». Калі – вельмі рэдка – Ася, прыйшоўшы на працу, усведамляла, што забылася надзець свае «цацкі», пачувалася, як пазбаўлены ракавінкі смоўжык.
Яшчэ другакурсніцай Ася спакусілася прапановай: ехаць з супрацоўнікамі знакамітага выдавецтва «Сокал-прынт», якое праславілася выданнем шыкоўных альбомаў па мастацтву, на пленэр. Выдавецтва адзначала юбілей, і вырашана было зрабіць гэткі ўік-эндны бівуак на маляўнічай лясной палянцы ля возера, з шашлыкамі, са спартыўнымі спаборніцтвамі кшталту перацягвання канату і пляжнага валейболу. А для пантоў – свая газета, у якой бы паведамляліся навіны свецкага мерапрыемства. За тое, што Ася будзе рабіць гэтую сцёбную газетку, абяцалі сто даляраў. Але будучы літрэдактар не