Цяпер Корб-Варановіч ледзь стрымліваўся, акадэмічная раўнавага з яго зляцела, як і не было, рукі сціскаліся ў кулакі. Выдатніца Вераніка Манцэвіч, высокая прыгажуня з залатой касой, схаванай пад чырвонай хусткай, і абуральна блакітнымі вачыма, весела закрычала:
– У такім выпадку нам згодзяцца і «несумленныя»! Такія, як Язэп Лёсік!
Алесь кінуў хуткі позірк на Вераніку:
– Правільна, Вераніка! Лёсік у турме за беларушчыну сядзеў, калі гэты філолаг у расейскіх імперыялістаў вучыўся!
Але агонь абурэння вакол суцішваўся: ісці на дацэнта з кулакамі ніхто не збіраўся, а той, глядзіш, вось-вось сарвецца… Шляхцюк недарэзаны… Аж вусны тузаюцца, а акуляры ледзь не сонечныя зайчыкі пускаюць.
Што можа быць прыемней сэрцу бунтоўнага студэнта, чым сузіранне нервовых канвульсій выкладчыка? Вяжэвіч адчуў, што аднакурснікі цягнуць ззаду за пінжак, ляпаюць па плячы… Хопіць, маўляў, пайшлі…
– Мы не будзем здаваць вам залік!
– Што за мітынг? – пагрозны крык змусіў студэнтаў суцішыцца. Дэкан педфака Міхал Уладзіміравіч, які ніколі голасу не падвышаў і ўвогуле быў чалавекам выключнай далікатнасці, прабіраўся ў аўдыторыю, ягоны твар быў чырвоны ад гневу. – Прашу разысціся! Гэта ўніверсітэт, а не карчма! Усе дыспуты – выключна цывілізаваным шляхам! У наступны аўторак – чарговае пасяджэнне Рады педфака, вось, калі ласка, і прысылайце на яе сваіх дэлегатаў. А зараз папрашу вызваліць аўдыторыю.
Студэнты, насупіўшыся, пачалі пакідаць пакой, незадаволеныя, як гледачы Калізея, якім абвясцілі, што гладыятары скончыліся і баёў сёння больш не адбудзецца. Алесь выскачыў адным з першых, расштурхаўшы таварышаў… Ды што ж гэта! Кругавая парука буржуйскіх кадраў! Ясная рэч, на камісіі зноў скажуць, што дацэнт Корб-Варановіч «уладае як юрыдыцыяй, гэтак і мэтадалогіяй мовазнаўства», пачнуць згадваць ягоныя даследаванні па мове Скарынінскіх выданняў, працу над Гістарычным слоўнікам беларускай мовы, артыкулы па вывучэнні беларускіх гаворак, шматлікія экспедыцыі… Але Хведар П’янкоў мае рацыю – якое ўся гэтая лінгвістыка мае значэнне, калі робіцца чалавекам, што па прыродзе сваёй не можа раздзяліць гарачую любоў Алеся і ягоных таварышаў да Беларусі! Ён тут чужы! Ён мусіць з’ехаць! Але з гэнага гада ўсё – як з воску вада…
Алесю было б трохі лягчэй, калі б ён затрымаўся і пабачыў, як Хведар П’янкоў, выходзячы з аўдыторыі апошнім, павярнуўся да дацэнта і нягучна, але выразна прамовіў:
– І падумайце, Апанас Іванавіч, як вы будзеце тлумачыць Савецкай уладзе сваю сувязь з белабандытам Карыбутовічам. Ці далёка пагоны засунулі?
Так, відовішча спалатнелага