Зося скончыла расповед і задумліва глядзела на свае рукі, быццам уяўляла ў іх брошку ў выглядзе лілеі.
Улад паціснуў плячыма:
– Думаю, Серапіёнавыя браты збэсцілі б тваю гісторыю. Мала таго, што ніякай містыкі, дык яшчэ і гумару бракуе. І не страшна, і не смешна.
Зося бліснула зялёнымі вачыма – халодная маланка.
– Страшаць баязліўцы, смешаць няцвёрдыя ў сабе… У маіх акулярах няма ні ружовых шкельцаў, ані чорных, дый увогуле акуляраў не маю. Прымаю жыццё, якім ёсць. Калі вам не хапае тэатральнага рэквізіту, пашукайце ў каго іншага.
Улад сумеўся.
– І ўсё-ткі так нельга… Памятаеш, у «Беларускай хатцы» паказвалі батлейку? Апошняга, можа, батлейшчыка ў Менску знайшлі… Лялькі аднавілі… Дык «ідэйна правідловая» частка гледачоў пачала гарлаць, што гэта перажыткі і рэлігійная прапаганда, засмуцілі беднага дзядка-батлейшчыка, якога ў свой час жандары ганялі… Што ж гэта будзе, калі мы адмовімся ад прыгожага, ад гульні, ад карнавалу? Ад гісторый пра прывідаў і цмокаў? Чалавека робіць адрозным ад жывёлы не тое, што неабходна, а тое, што залішняе… Тое, што не прыносіць відочнай карысці. Музыка, спеў, паэзія, вытанчаныя краты на балконе палаца, разныя ліштвы на сялянскім доме, вышыўка на рушніку…
– Сустрэчны вецер эпохі садзьме гэта, бы карункавы капялюшык з паненкі, што ўселася на пляцоўцы імперыялу, – жорстка запярэчыў Ной, які ўвесь гэты час ляпіў з наплаканага пахавальнымі свечкамі воску маленькіх яшчарак. – Малевіч намаляваў свой чорны квадрат – і гэта дзверы, за якімі пачынаецца невядомы, але адзіна магчымы шлях наперад. Нішто не паўтараецца… Фараонаў малявалі толькі ў профіль, у трагедыях не маглі ў якасці галоўных герояў выступаць слугі, жанчыны не мелі права з’яўляцца на сцэне… Хто цяпер запатрабуе таго ж?
Улад спахмурнеў, звычайная іронія пакінула яго.
– Ты кажаш пра прагрэс у мастацтве, але мне свет, дзе пануе чорны квадрат, уяўляецца застрашлівым. Будынкі ў выглядзе вялізных шэрых скрынак з квадратамі вокнаў, песні ўсе з адной бязглуздай фразы і прымітыўнага рытму, і адна газета на ўсіх, дзе тлумачыцца, якія ўсе шчаслівыя… Ведаеш, калі Платон прыдумляў сваю ідэальную дзяржаву, то хацеў прыблізна такога… Усе мусілі танчыць і спяваць, якія яны шчаслівыя, а паэтаў належала забіць.
– Ведаеце, калі гэтая адзіная газета і адзіная песня будзе на беларускай мове, я згодны і з такой сумнай прышласцю, – задумліва прамовіў пан Беларэцкі.– Але нешта мне падказвае, што спрошчаны да простакутнікаў свет не змесціць нашую цудоўную, неспазнаную беларускую Атлантыду – яна толькі пачынае ўздымацца з мутных хваляў забыцця, з-пад усялякай набрыдзі… А тут не самабытнасць вымагаецца, а ўніверсальнасць… Кіёк