спадзяваліся выкупіць яшчэ адзін цёплы дзень. Пранціш старанна наведваў лекцыі, нават не хаваўся ад дадатковых заняткаў у патаемнай лабараторыі. Вось-вось – і атрымае дыплом магістра філасофіі і вольных навук! Засвоіў трывіюм – граматыку, рыторыку і логіку, і квадрывіюм – музыку, арыфметыку, геаметрыю і астраномію, што складалі сем мастацтваў. Можна пасля брацца і за вывучэнне ніжэйшых нібыта, але больш цікавых на погляд Пранціша прыродазнаўчых навук, якія ў айцоў-езуітаў пакуль не дужа шанаваліся. Хімія, фізіка, анатомія… Усім гэтым ён і цяпер займаўся пад кіраўніцтвам Лёдніка, і той запэўніваў, што другі дыплом Вырвіч пры жаданні атрымае хутка, і ў якой-небудзь цікавай краіне… Як сам Лёднік. І прыводзіў у прыклад магістра Марціна Пачобут-Адляніцкага, што выявіў незвычайныя здольнасці да астраноміі і едзе ў Пражскі універсітэт.