у любым месцы
любы з нас
любой цаною.
Хоць, сапраўды, нават у перакладзе атрымліваюцца нейкія вершы. Незвычайныя вершы… Справа ў тым, што я часам люблю чытаць слоўнікі. І вось, калі няма чаго рабіць, мармычу дзіўныя рэчы адтуль. Гэта мая жудасная звычка. Але вы адзіны чалавек, хто прыняў гэта за вершы.
…Зараз я ўспамінаю гэта ўсё, зноў седзячы тут. Толькі нікога няма за суседнім столікам. Пустыя чырвоныя плюшавыя канапы, а ў шкляной попельніцы самотна адлюстроўваецца рознакаляровая столь…
Ля мяне зноў з’яўляецца фотаздымак. Гэта вярнулася афіцыянтка.
– Дзяўчына бывала ў нас, але вось ужо больш за год ніхто яе тут не бачыў.
– Дзякуй.
Ну вось, першая няўдача… Чаму ж гэта мяне не хвалюе?
Мяне ахапляе нейкае здранцвенне. Быццам у сне, я гляджу на гадзіннік і заўважаю: час ісці, хутка фільм. І гэтак жа сонна прабіраюся паміж столікамі да выхаду, пакуль адна фраза не трапляе ў маё сэрца, нібыта смяротная страла:
– Я не магу яе пакінуць. Я ведаю, што яна не падыходзіць мне, але я не магу яе пакінуць…
Я абарочваюся і бачу, што праходжу міма століка, дзе сядзяць хлопец і дзяўчына. Ён сказаў гэтую фразу, потым апусціў галаву і амаль прашаптаў:
– Я такі чалавек, што не магу зрабіць балюча… Я не магу яе не кахаць… Чаму – не ведаю. Кажуць, што ёсць каханне на ўсё жыццё: ты можаш быць з кім заўгодна, але разумець, што ў тваім жыцці толькі адно каханне. І толькі яно пройдзе з табой праз гады. Будзе з табой у любы час, дзе і з кім бы ты ні быў… Прабач мяне. – з гэтымі словамі ён падняўся зза стала і прайшоў міма мяне да выхаду, да дзвярэй, ледзь прыкметных у рознакаляровых сценах. Я паглядзела яму ўслед, і раптам, нібы іронія, разбегліся, разляцеліся на аскепкі ў маіх вачах рознакаляровыя блікі, каб стаць словамі:
…bet kuria valanda
bet kurioie vietoie
bet kas is musu
bet kuria kaina…
Любы з нас… Гэта значыць сёння ты, а заўтра – хтосьці іншы. Вось яна, вечная плынь жыцця. Ёй усё роўна – хто. Любы. Любы працягне яе і атрымае тыя ж сустрэчы, у той жа вечар або дзень, у тым жа горадзе і будзе жыць і любіць па сваіх правілах – светла ці жорстка, выпадкова ці назаўжды. Любы з нас… Можна сумаваць, можна ўсміхнуцца рознакаляровым водбліскам на сценах…
Аб гэтым я думала ў амаль пустой кіназале, калі глядзела фільм. Дакладней, сачыла, як змяняюцца кадры. Я не глядзела фільм – можа, гэта быў мой маленькі знак пратэсту.
Але ён усё роўна патэлефанаваў мне – роўна праз паўтары гадзіны, калі я выходзіла з «Forumа».
– Што яшчэ? – спытала я.
– На сёння ўсё. Да заўтра.
Гэтага я не чакала. Падобна, ён не імкнуўся перагружаць мяне працай.
Я азірнулася. Восень ціха плыла над Вільнюсам. А я проста бязмэтна ішла па адной з яго вуліц.
…Будынкі, высокія і шэрыя, сыходзяць у неба, зацяняюць вузкія вулачкі, а ў спалучэнні з вельмі рэдкім золатам восені выглядаюць маркотна і халодна, прапускаючы праз сябе транспарт унізе. Дахі гэтых высокіх старых будынкаў нібы глядзяць на белачырвоныя тралейбусы і людзей.
Зрэшты, ёсць і новыя будынкі – са шкла. У іх няма старадаўніх чырвоных