Вось і давялося, усведамляючы творчы грэх біяграфічнай выдумкі ды абыходзячы цянёты калядакументальнай прозы, змяняць некаторым героям імёны ці літары ў прозвішчах, пераўвасабляючы іх у двайнікі-цені.
І, спадзяюся, яны не будуць мець на тое крыўды. Ну хоць бы – лепшыя з іх…
I
У шкле вакон кавярні «Vіkón» астывала парыжскае сонца.
– Тут не занята? – спытаў цыбаты наведнік.
– Не, калі ласка, – мужчына ў сінім швэдары машынальна кіўнуў галавой і перагарнуў старонку тоўстай кнігі. Але чытаць расхацелася, і ён увомірг агледзеў суседа ў спакойным шэрым гарнітуры, затым свае пазногці – і прыхінуўся да спінкі фатэля.
Яны замовілі амаль адно і тое ж: кураня на грылі, салат і віно. Толькі той, хто ў гарнітуры, – чырвонае, а мужчына ў швэдары – белае.
Сонца спусцілася яшчэ ніжэй на бульвар Монпарнас, адлюстравалася ў соннай Сене ды зноў мякка дзюбнула промнем у шкло. З веранды далягляд закрывала жалезная спаруда ў драўляных рыштаваннях – ужо на трэць узведзеная вежа Эйфеля. Чатырохногую раскірэку не абмяркоўваў толькі нямы… – А як вам гэты монстр? – спытаў мужчына ў швэдары суседа па століку.
– Ды нічога… Забаўна. Здаецца, і сонца да яго ўжо прывыкла: глядзіце, ляжыць на вежы, як на трымальніку яйка ўсмятку.
– Вы паэт?
– Не, наадварот… – Адкуль жа такая метафара?
– Напэўна, ад перанасычанасці тэхнікай. Я інжынер. Гэта вы, думаю, літаратар, – мужчына ў гарнітуры паправіў пазалочанае пенснэ і кіўнуў на адкладзеную кнігу.
«Швэдар» усміхнуўся: – Не, таксама наадварот. – Ён паказаў шмуцтытул, на якім тлуста значылася «Супраціўленне металу Ёзафа Легера», і працягнуў руку: – Выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч.
– Рудольф Дызель, – назваўся і суразмоўца.
Яны замовілі яшчэ віна і загаварылі, як даўнія таварышы, якія, аднак, адзін пра другога нічога не ведалі. Былі неабароненымі ад алкаголю, паколькі сустракаліся з ім нячаста, а таму хутка захмялелі і яшчэ хутчэй раззнаёміліся.
І Рудольф, і Адам нарадзіліся ў Парыжы. Бацькі першага – немцы – некалі мелі тут скураную майстэрню, галоўны прыбытак якой прыносіў пераплёт кніг. Аднак пачалася французска-пруская вайна, сям’я падалася ў бежанства ў Англію. Напалеон ІІІ са сваім войскам капітуляваў, і трынаццацігадовага Рудольфа выправілі да родзічаў у нямецкі Аўсбург – набірацца навукі. І ён не падвёў: займеў добрую стыпендыю ды закончыў Мюнхенскую вышэйшую тэхнічную школу. А дзевяць гадоў таму па рэкамендацыі свайго настаўніка прафесара Ліндэ зноў вярнуўся ў Парыж на халадзільны завод Хірша і стаў яго дырэктарам.
Лёс Адама быў надзіва падобным: таксама вайна і паязджанства бацькоў… – Неверагодна, – дзівіўся Рудольф, – мой бацька, як і твой, быў пераплётчыкам!
Казімір Мацкевіч, бацька Адама, малады прафесар, звольнены з працы за незалежніцкі светапогляд і «нядобранадзейнасць», вымушаны быў «лячыць» у сваім маёнтку кнігі для ўсёй губерні. Калегі ды сябры спрабавалі падтрымаць грашыма, але ганарлівы шляхціч крыўдаваў і адмаўляўся. І тады яны пайшлі ў абход: знайшліся сотні кніг, уладальнікі якіх неадкладна захацелі даць ім новае жыццё. Так і з’явілася праца… – Во як! Праўда, да таго ён выкладаў гісторыю ў Віленскім універсітэце, а затым, пакінуўшы пераплётчыцкі варштат, стаў паўстанцам, узяў у рукі стрэльбу ды пайшоў у лес… – Адам узняў келіх і прапанаваў: – Давай… за здароўе нашых бацькоў!
Прыгубілі, і Рудольф удакладніў: – А Віленскі ўніверсітэт – гэта дзе?
– У Літве-Беларусі, – Адам уздыхнуў, бачачы, што суразмоўца застаецца ў неразуменні, пастукаў пальцамі па стале, падсунуў дзве талеркі, а паміж імі паставіў келіх з віном. – Вось, глядзі… Тут, дзе салата, – Польшча…
Рудольф усміхнуўся і бадзёра кіўнуў.
– А дзе парэшткі курыцы – Расія. Паміж імі – радзіма маіх бацькоў. Цяпер жа і там, і там, – Адам тыцнуў пальцам на салат і віно, – Расійская імперыя…
Невядомасць новага гістарычнага мацерыка, было заўважна, зацікавіла да таго скаванага і напружанага Рудольфа. Ён расшпіліў на пінжаку некалькі верхніх гузікаў і зноў спытаў: – Дык твой бацька быў паўстанцам… дыктатарам, як і Напалеон?
– Ды не, – Адам прыхінуўся да стала і расправіў свае каштанавыя вусы. – Кіраўніком паўстання супраць расійскага цара ў тым краі быў іншы чалавек… – Адам задумаўся і махнуў шырокай даланёй. – Забыў прозвішча… Гэта быў, калі памятаеш гісторыю французскай рэвалюцыі, Марат і Рабесп’ер у адной асобе.
– Цікава, – Рудольф расшпіліў усе гузікі на пінжаку і паправіў гальштук. – І даўно тое было?
– У 1863-м, за год да майго з’яўлення.
– А