Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь Мудроў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
Якуніна густа пачырванела і абдарыла Рыгора Мікалаевіча шматабяцальнай усмешкай.

      Гэтая самая Зіначка працавала на суседняй кафедры і патрапіла на застолле выпадкова – прынесла нейкія паперы і, вядома ж, мусіла выпіць за здароўе юбіляра. Дагэтуль Рыгор не звяртаў на Зіначку аніякай увагі: была яна на пяць гадоў старэйшай, на два пальцы вышэйшай і нос мела кірпаты. Але тут штосьці зварухнулася пад сэрцам, і юбіляр, паправіўшы скасабочаны гальштук, убачыў, што Зіначка Якуніна прывабная жанчына і да таго ж – пра гэта яму гучным шэптам паведаміла Еўдакея Ферапонтаўна – мае ўласную двухпакаёвую кватэру.

      Пасля бяседы Рыгор праводзіў Зіначку дахаты. Яны ішлі па шумных вуліцах, бязладна гаманілі, і з кожным крокам у душы Рыгоравай расло, убіралася ў сілу пачуццё хмельнай радасці з дамешкам восеньскага суму. Сум навявала бязважкая павучынка, што трымцела ў валасах спадарожніцы. Павучынка спрабавала зляцець у свой недалёкі вырай, але здолела гэта зрабіць толькі на парозе Зінчынага дом. Рыгор зняў яе, пусціў па ветры, і Зіначка, ачараваная такім абыходжаннем, ледзь чутна пралепятала: «Дык, можа, зойдзем да мяне? Пачастую вас кавай…»

      Прапанова прагучала знянацку, і ў Рыгора ад нечаканасці нават закружылася галава. «Трусы падзертыя… памыцца трэба… кветку якую ўзяць…» – завіравалі ў галаве бязладныя думкі, і кандыдат, пералічыўшы квадраты вокнаў у Зінчыным пад’ездзе, у сваю чаргу шапялява прамармытаў: «А можна… увечары?»

      Жанчына з радасцю кіўнула, і яны развіталіся на доўгія дзве гадзіны.

      А дзявятай вечара, пад гукі музычнай застаўкі тэлепраграмы «Панарама» – у адной з кватэраў тэлевізар працаваў на поўную гучнасць, – кандыдат увайшоў у прыцемны пад’езд, падняўся на другі паверх і застыў перад браніраванымі дзвярыма. Перакінуўшы з левай рукі ў правую букет жоўтых ружаў (хацеў узяць чырвоных, ды не было ў продажы), Рыгор з шумам перавёў дых, памкнуўся націснуць гузік званка, ды дзверы з рыпам адчыніліся і на парозе паўстала гаспадыня кватэры. Была яна ў белай празрыстай сукенцы і з чырвоным бантам у валасах.

      – А вось і мы! – гукнуў кандыдат, злавіўшы вокам смочкі грудзей, што прабіваліся праз сукенку, і элегантным рухам – дзвюма рукамі – перадаў даме кветкі.

      – Ой, Рыгор Мікалаевіч… ну навошта такія выдаткі? – з інтанацыяй лёгкай панікі прамовіла жанчына, прыціснула да твару бутоны і, увабраўшы носам паветра, прашаптала: – Божухна, які пах!

      Рыгор Мікалаевіч пераступіў парог, другім разам перавёў дых і толькі тады згадаў, што прыйшоў на спатканне ў туфлях на босую нагу. Шкарпэткі ён набыў па дарозе, ды забыўся нацягнуць, і цяпер застыў ля дзвярэй, чакаючы, калі гаспадыня сыдзе з калідора. Тая, аднак, не сыходзіла.

      – Ну што ж вы, Рыгор Мікалаевіч, не саромейцеся. Будзьце як дома. Вось вам тапкі, – гаспадыня кватэры нагнулася, яшчэ раз прашаптала: – Які пах! – падсунула да Рыгоравых ног мяккія жаночыя тэпці.

      Госць муляўся ля ўвахода, і гаспадыня, па-свойму зразумеўшы сітуацыю, адчыніла прыбіральню…

      «Лажануўся», –