– Хахлы ў тую вайну Гітлеру прадаліся, цяпер вось пад Амерыку падбіваюцца, – азваліся леваруч.
– Пасля Сталіна не тое што Гітлеру – самому чорту душу закладзеш, – рэзюмаваў гугняк і нечакана, з інтанацыяй панікі, загарлаў: – Б’юцца!
Змахнуўшы з вачэй мыльныя хлапякі, Макар убачыў, як кучаравы хлопец заехаў плешаку кулаком у грудзіну, але той, як Фантамас, толькі злёгку хістануўся. Мыла выядала вочы. Макар плюхнуў вады на твар, слёзы засцілі свет, і ён толькі пачуў тупат босых ног, сіплую лаянку і бурлівы плёскат у лазенным басейне.
Калі падбег да басейна, кучаравы пускаў ужо бурбалкі. Пляшак, сядзеў на ім, прыціснуўшы да дна, і не даваў хапануць паветра.
– Ратуйце! Патопіць чалавека! – гаркнулі адразу некалькі глотак, і Макар, разагнаўшыся, скокнуў на лысую галаву.
Ужо ў вадзе пляшак даў яму каленам у жывот, Макар глынуў смярдзючай хлёркі, усплыў, у два грабкі даплыў да нікеляванай лесвіцы, і галёнка ягоная знямела ад жалезнай сутаргі. Віснучы на парэнчах, Макар заехаў плешаку пяткай у нос і кінуўся ў прымыльнік. Думаў узяць у абярэмак апранахі і падацца да выхаду, але шафка была зачынена, а за спінай ужо грымелі здушаныя мацюкі – пляшак, падобна, бег, прыціскаючы далонь да разбітай нюхаўкі.
Фае, на шчасце, было пустое, каса зачыненая, і Макар непрыкметным ценем праслізнуў у цеплавузел. Тут, у цёмным катуху, не хапала паветра, і ён адчуў лёгкую млосць. Сэрца парывіста білася, трапятала ля горла, замарачным шумам адбівалася ў барабанных перапонках. У фае штосьці бразнула, пакацілася па падлозе, і замарачны шум увушшу пакрыў пранізлівы жаночы віскат. Лысы, няйначай, памкнуўся шукаць «бандэру» ў жаночым аддзяленні. Макар з адчаем падумаў, што вось зараз дзверы адчыняцца, лысы бандос выцягне яго, голага і мокрага, са спрату і пачне душыць сваімі страшнымі лапамі, але за дзвярыма запанавала ціша, якую праз нейкі час парушыла бразганне дзвярэй і тупаценне.
Цэментавая падлога была халоднай, таму паэт увесь час пераступаў, як той смаргонскі мядзведзь, з нагі на нагу, адчуўшы раптам, што яму не проста млосна ў гэтым цёмным катуху, але і млосна жыць на белым свеце. І невясёлыя думкі віравалі ў галаве.
«Вось уліп дык уліп. Добра яшчэ, калі Лёха ачомаецца. А як памрэ? Завядуць крымінальную справу, пачнуць выклікаць на допыты. І добра яшчэ, каб у якасці сведкі. Не-э, пара завязваць з той паэзіяй, бо хутка за беларускую мову пачнуць збіваць нагамі. Гэта раней мы, беларусы, былі бэнээфаўцамі, цяпер вось ператварыліся ў бандэраўцаў. А з бандэрай, казаў той пляшак, размова кароткая – могуць і на той свет выправіць». Фае ізноў абудзілася. Пачуліся кароткія воклічы, катаржны шоргат падэшваў. Ні жывы ні ўмерлы Макар прачыніў дзверы, зірнуў у вузкую пройму і ўбачыў двух міліцыянтаў, якія вялі пад рукі кучаравага маладзёна. Маладзён пры гэтым зацкавана азіраўся і, наглытаўшыся вады з хлёркай, голасна ікаў. На дне душы Макаравай абудзілася і пачало дымна тлець адчуванне віны перад хлопцам, і дрыготкія вусны з няўклюдным спачуваннем прашапталі:
– Згарэў