– Аніяк, – адказаў ён злосна.
– А школа?
– Выгналі. Выгналі, і ўвесь марафон.
Я чакаў, што ён яшчэ скажа. І ён сказаў:
– Пісаў і ў Мінск, і ў Маскву. Масква перапіхвае пісьмы ў Мінск, Мінск – у Магілёў, а адтуль адно: усё правільна, усё мае быць так. Скончылася тым, што зноў на шэсць месяцаў загналі ў Пячэрск. Выпусцілі з белым білетам, з правам на пенсію, без права на працу.
– Слухай, дык гэта ж…
– Ну, – пацвердзіў ён.
– Можа, я змагу чым-небудзь дапамагчы? Усё ж газета…
– Дапамажы знайсці Ніну.
Такім разгубленым я яго ніколі не бачыў.
– У мяне твае слоўнікі…
– Хай паляжаць.
– А сшыткі твае… – Я запнуўся. Мне цяжка было сказаць, што я не ведаю, дзе яны і ці жывыя наогул…
– Пасля… – адмахнуўся ён. Нібы здагадваўся, што я маю яму сказаць.
У закутку маім павісла гнятлівая цішыня. Віктар першы не вытрымаў яе: устаў рашучым рыўком і, не развітаўшыся, выйшаў.
Праз дзень я дазнаўся адрас школы, куды пераехала Ніна, і выслаў яму. Чакаў якога-небудзь знаку ад яго і месяц, і паўгода, і год. Як гэта часта бывала з ім, ён зноў прапаў. І зноў, як камень у ваду.
Я шмат думаў над парадоксамі нашага лёсу. Жывеш з чалавекам побач – думаеш пра яго, перажываеш за яго, хвалюешся. Знік чалавек з вачэй тваіх – і нібы выпаў з твайго жыцця. І ўспамінаеш, і трывожышся, але не так востра, не так балюча.
З’яўленне Віктара ў маім інтэрнацкім пакоі было нібы вяртанне яго з таго свету. І мы зноў былі, як радня, як самыя блізкія людзі. Паехаў ён – і нібы забраў усё сваё з сабой. І чым болей ішоў час, тым радзей ажываў напамінак пра яго, тым глушэй чуўся ў памяці яго голас.
Іншае было пасля апошняй сустрэчы. Вобраз разгубленага чалавека ў касцюме з чужых плячэй усё часцей уставаў перад вачыма. Як ён, што ён, дзе ён?..
Нейкім часам мы сустрэліся з Міколам Буракоўскім. Ён стаў добрым хірургам, загадваў аддзяленнем прэстыжнай бальніцы пад Мінскам. Пабудаваў свой дом, пакруглеў, пасыцеў. Бляск надзейнай упэўненасці стала пасяліўся ў яго карых вачах.
– Нешта даўно маўчыць Віктар. Можа, ты чуў што пра яго? – спытаў я ў Міколы. Ён уважліва паглядзеў на мяне:
– А хіба ты нічога не ведаеш?
Пра тое, што ён расказаў мне, лепей было б не ведаць… Віктар паехаў у сяло, дзе працавала Ніна, сустрэўся з ёй. Яна была замужам, мела дзіця – маленькую кучаравенькую дзяўчынку. Мужык – мясцовы механізатар, сімпатычны, рахманы мядзведзь. Гэта была спакойная вясковая сям’я, здавалася, усё ў іх было добра і ладна. І тут заявіўся Віктар. Ён заўсёды ішоў напралом і заўсёды не выбіраў дарогі. Ён пачаў даказваць Ніне, што кахае яе, што толькі пра яе сніць і думае. Угаворваў пакінуць мужыка і выйсці замуж за яго. Яны пераедуць у другое месца, будуць разам жыць, разам працаваць. Ён не сумняваўся, што яму дазволяць працаваць у школе.
Не ўгаварыў.
«Што было, тое згарэла, і не трэба варушыць халоднае вуголле», – адказала яму Ніна. Тады ён прыгразіў,