– Ён цябе з'есць, – сказаў Мацвей.
Алена не адказала, прыціснулася да Мацвея, і яны выйшлі на бераг, да цёплай і мяккай травы пад дубам, што схіліўся над вадой. Пад тым дубам месца было занята буслом, але ён саступіў яго Алене з Мацвеем, пайшоў да лугу, моўчкі і нясмела, як саромеўся, што яго тут заспелі.
– Куды ж гэта ён, навошта гэта ён сыходзіць адсюль? – спытала Алена.
– Ён ведае, ён усё ведае, – адказаў Мацвей, паглядзеў на дуб і падумаў, што дуб таксама ўсё ведае і разумее. Але ўпэўненасці не адчуў, была ў ім нейкая нерашучасць, непаразуменне нейкае. Упэўненасць прыйшла крыху пазней, калі ён глядзеў ужо не на само дрэва, кручаны і верчаны ствол яго, а па яго голле, лістоту. Лісце было чырвона-крывавага адцення, але з аднаго толькі боку, дзе стаяў ён з Аленай. Мацвей здзівіўся незвычайнаму колеру лісця, слізгануў вокам па траве. Прыкмеціў вогнішча. I ўспомніў.
Гэта быў іх дуб. Яны часта на лодцы ці чоўне плавалі да яго раней. Дарослыя ж бывалі тут рэдка. Не было тут дарослым ніякай справы. Дарога аббягала дуб, яна пралягала да сенажаці і Балоні нацянькі, а рэчка тут кружыла, як блытала сляды, нібы гулліва пацвельвала дуброву, уразалася ў дуброву, развальвала, пластавала яе надвае і давала ўцекача. I дубы гналіся за ёю, беглі высокім берагам і, здаецца, даганялі на кручах, ужо цягнулі да яе рукі, хапалі ўжо за цёмныя плечы абвіслымі, учэпістымі сваімі рукамі-каранямі, але рэчка накідала іх з носам, пасмейваючыся, вылузвалася з іх абдымкаў, замест сябе з аднаго боку падсоўвала ім застойныя журботныя старыцы, а сама ўцякала непраходным гушчаром і балотам, праз якія дубы не маглі прашыцца. I быў сярод гэтага балота адзіны толькі грудок зямлі, нібы птушка ў дзюбе нанасіла сюды гэтай зямлі. I стаяў на ёй адзіны дуб, здзіўлены і разгублены: якім гэта ветрам, што за нячыстая сіла закінула яго сюды, сам ён мог трапіць на гэты грудок, толькі зусім ужо згубіўшы галаву.
Алена з Мацвеем былі на грудку пад дубам сёлета вясною, калі ішлі апошнія канікулы. Дуб атачыла вада, яны вылезлі з чоўна на лапік некранутай ёю зямлі, распалілі касцёр. Кастрышча, полымя шугала да галін, чаплялася за галіны, апякала іх і падала ўніз. Мацвею ўжо тады было крыху