I я пашкадаваў Гэлю, закрычаў, што трэба лекара выклiкаць. А ўсе аж заходзяцца. Ну, якi, скажыце, на вёсцы лекар? Да блiжэйшага тэлефона сем кiламетраў. А я пабег да Алеся Ласевiча, ён добры i якраз у той дзень на канi працаваў. Падбег i кажу: «Высыпай бульбу з воза!» – i так распсiхаваўся, ну, проста жах, са мной такое бывае, калi пачынаюць смяяцца, я тады звярэю. Вывернулi мы бульбу на полi, я схапiўся за аброць i падвёў каня да стога. Накiдаў саломы i сказаў, каб Гэля лезла ў воз, бо павязу яе да лекара ў Вуглы.
Вераснёвы лес, сонца, цiха, толькi колы на карэннi гупаюць дый конь Арцём вецер пускае. Наеўся, гад, бульбы ды пускае смурод, хоць я да гэтага i нармалёва стаўлюся. Конь ёсць конь, ён не еў розных там яблыкаў з райскага дрэва i сораму не разумее, дзякуй Богу. А вось Гэля ўсю дарогу перажывала, што перад нейкiм вясковым фельчарам давядзецца распранацца i паказваць копчык. А мяне смех душыў, як уяўлю фельчара, што абмацвае копчык. Толькi Астравец не дазволiла мне ў тую лякарню вясковую зайсцi. Лякарня, смех сказаць, нейкi кабiнецiк у аднапавярховай пачатковай школцы. Я на вулiцы пастаяў i дзецям пазайздросцiў. Яны падчас перапынку ў двары гулялi, бегалi там у «квача» i ўсё такое. Я падумаў пра сваю дзевятую школу, пра яе цёмныя калiдоры. Яе цяпер, дарэчы, у школу для дэбiлаў ператварылi. І слушна. А я тады першы раз у жыццi пашкадаваў, што вучыўся ў горадзе, а не на вёсцы.
Калi Гэля выйшла на двор, яна iшла, як старая качка, перавальвалася з боку на бок. А я не ўсмiхнуўся, а толькi сказаў, што мы спознiмся на абед i лепш паехаць паесцi да скульптараў. Гэля казала, што есцi ёй зусiм не хочацца, толькi я не паслухаў i павярнуў каня да сталоўкi, дзе кухаркай Вольга Пакроўская працавала. Яна нас пакармiла вараным мясам i кiсялю налiла, i ўсё было б добра, каб не Сяржук. Ён узяў i сказаў мне, што Вольга закахалася ў вясковага агранома. Лепш бы ён мяне ўдарыў цi плюнуў мне ў твар, сапраўды, было б не так балюча. А то ўсю дарогу з Вуглоў я ледзь не плакаў. І не таму, што лiчыў сябе лепшым за нейкага там агранома цi трактарыста, а проста хацелася плакаць, i