Да сваёй даследчыцкай дзейнасці Віктар прыцягваў малодшага брата, аб чым сведчыць яго зварот да дырэктара публічнай бібліятэкі барона М. Корфа ад 6 снежня 1860 года. Гэта было прашэнне аб прадастаўленні магчымасці Канстанціну працягнуць яго справу па даследаванні старажытных рукапісаў пад кіраўніцтвам малодшага бібліятэкара Іваноўскага, паколькі ён сам атрымаў заданне на працу ў Маскоўскім галоўным архіве.[164] Такая просьба, хутчэй за ўсё, была выклікана неабходнасцю пошукаў крыніц для дысертацыі, якую ў гэты час дапісваў Канстанцін Каліноўскі, рыхтуючы яе да абароны.
Удзел братоў Каліноўскіх у тайных арганізацыях
Віктар Каліноўскі з пачатку свайго жыцця ў сталіцы Расійскай Імперыі становіцца адным з лідараў студэнцкіх таварыстваў, якія ў гэты час узнікаюць як грыбы пасля дажджу. У іх бяруць удзел жыхары шматэтнічнай Расійскай Імперыі, у тым ліку і адзін з кіраўнікоў часопіса “Современник” Мікалай Гаўрылавіч Чарнышэўскі (1828–1889), і Мікалай Аляксандравіч Дабралюбаў (1836–1861), які ў 1856 годзе заканчваў Галоўны педагагічны інстытут, размешчаны ў адным будынку з Пецярбургскім універсітэтам, дзе вучыўся Канстанцін Каліноўскі.
Нягледзячы на тое, што першакурснікаў у такія аб’яднанні дапускалі надзвычай рэдка, менавіта Віктар пасадзейнічаў далучэнню да іх свайго брата Канстанціна. Не апошняя яго роля і ў тым, што Канстанцін увайшоў у зямляцтва студэнтаў з былой Рэчы Паспалітай “Огул” і нават быў абраны яго бібліятэкарам, фактычна – кіраўніком. Згодна паказанням удзельніка аб’яднання Вітольда Гажыча,[165] “бібліятэкар карыстаўся асаблівай павагай таварыства і лічыўся як бы старэйшай асобай, на сходках меў права канчаткова вырашаць справы”.[166] Усяго гэтая арганізацыя аб’ядноўвала каля 500 сяброў-студэнтаў, якія за карыстанне таварыскай бібліятэкай плацілі па 40 капеек штомесячна.[167] Чытальня ж была месцам збору кіраўніцтва “Агулу”, да якога належылі, акрамя Каліноўскага, Эдмунд Вярыга, Ігнат Здановіч, Фелікс Зянковіч, Эмануэль Юндзіл, Іосіф Ямант.[168]
У ліпені 1856 года ў Пецярбург пасля васьмі гадоў ссылкі прыязджае Зыгмунт Серакоўскі. Радыкальна змяніўшы свае першапачатковыя погляды ў адносінах “усходніх братоў”,[169] ён восенню 1857 года арганізоўвае ў