Праклён. Валеры Гапееў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Валеры Гапееў
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2013
isbn: 978-985-7021-17-8
Скачать книгу
і неспадзеўкі адчуў хваляванне. Мо найперш таму, што вузельчык выдаваў на парожні – не адчувалася ў ім вагі хоць адной манеты. Але навобмацак там нешта было.

      Не стаў рваць ніткак, развязаў, няспешна разгарнуў тканіну.

      Пацямнелы ад часу ланцужок (можа, срэбны) і на ім – з таго ж металу шасціканцовая кветка, пялёсткі якой загіналіся ў адзін бок так, што востры канчарык аднаго злучаўся з сярэдзінай наступнага, быццам круцілася колца.

      Затахкала сэрца, ад хвалявання задрыжэла рука. Уладзімір нечакана для самога сябе хутка разгледзеўся, пацікаваў на бакі – ці не бачыць хто? Чаму ён так устрывожыўся, што было незвычайнага ў знойдзеным – Уладзімір не разумеў. Але як збоку нехта нашаптаў, аднекуль з’явілася веданне, што срэбная кветка на ланцужку – зусім няпростая.

      А можа, яму карцела знайсці тут, у сваім колішнім доме, хоць у апошні момант нешта такое, што б падказала, параіла, памагло адшукаць адказ на такое простае і няпростае пытанне: што рабіць далей, як жыць і навошта?

      Ён вагаўся толькі момант – не ў кішэню ж класці знаходку, калі яна з’явілася на белы свет. У кішэні – смецця і пацярухі поўна, яшчэ згубіш, а тут такое ўсё чыстае, хоць пралежала… колькі гадоў? Пяцьдзясят, здаецца, казаў стары Мірон.

      Цераз галаву надзеў на шыю ланцужок, адчуў, як халодны метал кветкі дакрануўся да гарачага цела.

      І нешта адбылося.

      Раптам стала зразумела, што яму няма чаго рабіць на сваім папялішчы. Апошняе, што абавязаны быў зрабіць тут Уладзімір – гэта адшукаць срэбную кветку на ланцужку. І што трэба не расцягваць на невядомы час свой пабыт у вёсцы, а ехаць. Ехаць і шукаць адказы… бо тут ён нічога не знойдзе.

      Бліжэй да вечара каротка пікнуў тэлефон – прыйшла СМС-ка. Думаў, звычайная рэклама ад аператара, але паведамленне было ад Алены. Прачытаў прадбачанае: “Цябе чакаць?”.

      “Патэлефанаваць не магла? – нечакана разабрала прыкрасць на жанчыну. – Зараз яшчэ пачнецца гульня ў цыдулкі…”

      Націснуў выклік, пачакаў. Калі Алена адказала, упікнуў:

      – Што, сучасныя тэхналогіі вядуць рэй? Тэлефанаваць складаней, чым літаркі набіраць?

      Ён і сам не чакаў, што ў ім з’явіцца вось такі паблажліва-павучальны тон. Збіраўся ж казаць іншае – што сёння будзе да самай цемры, бо трэба кончыць да заўтра, каб ехаць… Яму трэба ехаць.

      – Не, я баялася, што голас задрыжыць, – ціха і вінавата адказала Алена – куды толькі падзелася яе ўчорашняя бестурботнасць і смеласць?

      – З чаго яму дрыжаць? – здзівіўся Уладзімір.

      – Потым скажу… як прыедзеш.

      – Я тут доўга збіраюся быць… працы шмат.

      – Ты еў што? – клопат умомант прагнаў Аленіну няёмкасць.

      – Палуднаваў, што ты збірала…

      – Што там было есці… Я прынясу зараз. І Алена адлучылася.

      Уладзімір сеў. Закурыў. Металічная (усё ж срэбра, падумаў Уладзімір) кветка на грудзях, як жывая, казытала цела сваім халадком. Ён асцярожна прыціснуў яе да грудзей і здзівіўся яшчэ болей: