разам выбіраць маршрут,
разам вырашаць, якім цягніком,
ад якой платформы і з якога пуці
адпраўляцца супольна ў шлях…
Другое. Прыйшло днём
у гадзіннікавай майстэрні.
Чакаючы сваёй чаргі,
я стаў міжволі разглядаць
расстаўленыя на паліцы гадзіннікі.
I ледзь не засмяяўся ўголас
ад свайго, так бы мовіць, адкрыцця.
Здадзеныя ў рамонт
са спыненым ходам гадзіннікі
паказвалі абсалютна розны час.
Настольны, у прыгожай драўлянай «пад арэх»
аздобе —
3 гадзіны 5 мінут;
насценны, са светлым керамічным цыферблатам —
9 гадзін 9 мінут;
стандартны, круглы, з колцам наверсе будзільнік —
12 гадзін 20 мінут…
I гэтак далей.
Я нават паглядзеў машынальна на свой гадзіннік:
«Колькі ж гэта насамрэч часу?»
Я нават удакладніў, спытаўся ў жанчыны,
якая стаяла перада мной:
«Колькі, прабачце, на вашым залатым?»
I потым падумаў раптам, вяртаючыся дамоў,
што гэта майстэрня нагадвае
наша грамадства, наш беларускі дом.
Парушылася калісь наша гістарычная памяць.
Разладзіўся механізм нашага гістарычнага
гадзінніка.
Распалася сувязь часоў і падзей.
I вось мы блукаем сёння ў часе.
І вось жывём па розных гадзінніках,
не вельмі імкнучыся звяраць іх.
I вось у адных – адзін адлік часу,
а ў другіх – другі…
Мы – народ без спраўнага,
адзінага для ўсіх, гадзінніка.
Трэцяе. Яно мае цыганскую афарбоўку.
Чаму цыганскую?
«Цыган не паган, толькі цела закапцела?..»
Ну, так. Вядома. Нічога супраць цыганоў не маю.
Проста справа ў тым, што некалькі гадоў назад
я жыў у доме, які выходзіў тарцом да Старажоўскага рынку
(нядаўна знесенага па нейкай прычыне).
Па нядзелях на рынак прыязджалі цыганы.
Іншы раз, пасля таргоў, спыняліся ў двары нашага дома.
I вось аднойчы ў базарны дзень
я пачуў нейкі шум і гам.
Я выглянуў у акно і ўбачыў маляўнічую сцэну:
каля сваіх павозак сварыліся і біліся цыганы.
Усхадзіліся, біліся ўсе як ёсць,
усім табарам, усе з усімі.
Зрэшты, «біліся», бадай, не зусім тое слова.
Яны больш крычалі, тузаліся, штурхаліся…
Стараваты, тоўсты штурхаў у грудзі маладога, хударлявага,
адна цыганка намагалася схапіць за валасы другую,
а тая, другая, у сваю чаргу,
замахвалася на бліжэйшага да яе цыгана
ў яркай, наросхрыст, кашулі,
ці не мужа першай.
Цікавы быў фінал.
Калі самае малое цыганя
падбегла да старэйшага, тоўстага
і таўханула яго ў жывот,
то бойка на гэтым і скончылася.
Цыганы хуценька паселі на вазы
і падаліся туды, адкуль з’явіліся.
«Bellum omnium contra omnes» —
толькі