Чаго я раптам узгадаў гэты міф? Ды з тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд, пра «хуткаплынны Эрыдан» пісаў у паэме «Арганаўтыка» ў III стагоддзі да н. э. Апалон Радоскі, а нтмат паважных вучоных у XIX i XX стагоддзях сцвярджалі, шго Эрыдан – гэта нашая Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў з якім яны ішлі на ворагаў – «Рубон!») або Рудон, Дуна, а яшчэ Дзіна або Віна – так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах. У Палаты таксама было даўняе найменне – Турунт.
У прыліве шчырага патрыятызму беларускі краязнаўца Аляксей Сапуноў у канцы XIX стагоддзя пісаў што пра Дзвіну з большым правам, чым пра любую іншую раку свету, можна сказаць: яна нясе ў хвалях сваіх гісторыю і жыццё народа.
Ну а пакуль рака полацкай і беларускай гісторыі толькі пачынаецца. Нашы далёкія продкі будуюць на берагах Дзвіны і Палаты селішчы, аруць зямлю, палююць на зверыну, пакрысе асвойваюць усё болып складаныя рамёствы… Пра гэта мы, здаецца, збольшага ведаем са школьных падручнікаў Таму пагаворым падрабязней пра тое, чаго ў падручніках няма, што дасюль ахутана таямніцаю: якой была вера продкаў да прыходу хрысціянства.
Свет, дзе жылі тагачасныя палачане, быў густа населены вялікімі і малымі багамі ды бажкамі. Усюдыісны і наймагутнейшы з іх, творца жыцця, бог неба і ўсяго Сусвету меў некалькі імён – Сварог, Стрыбог, Святавід, але найчасцей яго называлі Родам. Ён апладняў зямлю і ўсё жывое, кіраваў вятрамі і нябеснымі з’явамі. Невыпадкова з імем гэтага бога звязана ў нашай мове столькі найважнейшых слоў і паняццяў: народ, радзіма, родзіч, продак, радавод, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне…
Роду падначальваліся астатнія багі нябеснай сферы, зямлі і падземнага свету. Пярун валадарыў над громам ды маланкамі і займаўся вайсковымі справамі. Дажбог, Ярьша, Каляда і Хорс былі багамі сонца. Яны даравалі цяпло, клапаціліся пра ўрадлівасць зямлі, дабрабыт людзей, апекаваліся над земляробамі і рамеснікамі. Ім дапамагаў таксама звязаны з сонцам бог ураджаю і дастатку Купала. Сонцава звястунка Дзянніца ўранні давала чалавеку сілу на новы дзень, а сама скакала на кані ў той бок, куды ўвечары спускаецца нябеснае свяціла, каб падрыхтаваць яму да ночы залаты човен. У ім сонца ляжа спаць, і човен паплыве па сінім моры да новага дня.
Пасланніцамі Рода былі рожаніцы – багіня кахання і вясновага абуджэння Лада і маці ўраджаю Мокаш. Поруч з Ладаю шчыравала вясёлая і спрытная тройца: апекуны закаханых Леля ды Палель, а з імі – Любіч, або Любчык, што мусіў давесці маладых каханкаў да вяселля.
Кожны стараўся жыць у згодзе з багіняю восеньскага ўраджаю Цёцяй. Гарэзлівы Пераплут падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосць, а вогненны Жыжаль саграваў агнём і дапамагаў кавалям. Ад бога Тура залежала жыццё дзікіх звяроў