Летапісы не забываюць і астатніх сыноў Чарадзея.
Вядома, што Давыд Усяславіч у 1103 годзе хадзіў з паўднёварускімі князямі на полаўцаў.
У Менску сядзеў князь Глеб, наймацнейшая, здаецца, асоба ў тым пакаленні полацкай дынастыі. Ён, як і Усяслаў, мусіў ваяваць з Уладзімірам Манамахам. Змаганне скончылася для Полацка няўдала. У 1119 годзе Глеб трапіў у кіеўскі поруб, дзе некалі сядзеў у кайданах разам з бацькам. Гісторыя паўтарылася не да канца: паўстанне не вызваліла вязня, вярнуцца на Бацькаўшчыну яму не лёсіла. Калісьці Глеб пабудаваў у Кіева-Пячорскім манастыры трапезную і ахвяраваў манахам 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата. Чарнарызцы маліліся за князя, аднак ён падазрона хутка, не праседзеўшы ў порубе і года, сканаў.
Нягледзячы на расправу з менскім гаспадаром, Усяславічы і далей вялі сваю, незалежную ад Кіева палітыку. Як занатавана ў летапісе, «несупынна варагуюць паміж сабою ўнучаты Ізяслава і Яраслава, і меч трымаюць голы, да вайны гатовы».
1127 год адзначаны ў нашай гісторыі вялікім паходам на крывіцкую дзяржаву. Кіеўскі князь з хаўруснікамі наступалі адначасова з чатырох бакоў Да сталіцы іх войска, праўда, не дайшло – задаволіліся Лагойскам і Заслаўем ды прызнаннем палачанамі вяршэнства Кіева.
Падуладнасць Полацка доўжылася да наступнага года, пакуль вялікі кіеўскі князь Мсціслаў не прыслаў крывічам загаду ісці ў паход на полаўцаў Усяславічы не проста адмовіліся, а яшчэ і пакпілі з Мсціслава: «Ты с Боняком Шелудяком (зняважлівая мянушка палавецкага хана) здравствуйте оба и управляйтесь сами, а мы имеем дома что делать». Кіеўскі гаспадар «вельми оскорбяся» і адразу пасля вайны з качэўнікамі кінуў супроць нашчадкаў Чарадзея дружыны ўсіх паўднёварускіх земляў Пяцярых полацкіх князёў ворагам удалося захапіць у палон і завезці ў Кіеў Пасля паказальнага суда іх з жонкамі і дзецьмі адправілі ў Візантыю. Тады і нарадзілася беларуская прымаўка «Мсціслаў не аднаго сціснуў».
Візантыйскі кесар Іаан, да якога ў 1129 годзе прыбылі выгнаннікі, даводзіўся Рагвалодавічам сваяком, таму высылка была ганаровая. Крывіцкія князі не марнелі ў турмах, а займаліся звыклаю справай. Кесар паслаў іх на вайну з сарацынамі (арабамі), дзе палачане хутка вызначыліся вайсковым майстэрствам і атрымалі ўзнагароды.
Некаторыя сучасныя аўтары, спасылаючыся на неназваныя, на жаль, візантыйскія крыніцы, падаюць непасрэдна звязаную з высылкаю Рагвалодавічаў найцікавейшую гісторыю.
Калі ёй верыць, разам са сваякамі ў Візантыю трапіла ў 1129 годзе і народжаная ў апошнія гады жыцця Усяслава яго дачка Дабрадзея, у хрышчэнні Зоя. Мужчыны Рагвалодавічы ваявалі, а жанчыны і дзеці засталіся пры імператарскім двары, дзе і адбылася сустрэча Зоі з пляменнікам кесара і спадкаемцам трону