Разам з тым паміраць ніхто не спяшаўся, і кашчавую стараліся абыходзіць як найдалей. Яна ж нястомна пасылала да людзей сваіх спадарожніц і памочніц – ліхаманак. Дванаццаць страхотных, худых і вечна галодных крылатых сясцёр-ліхаманак жылі ў прыцемных сырых сутарэннях. Халадэча, асабліва зімовая, выганяла іх на зямлю, і яны шукалі прытулку ды спажывы ў цёплых чалавечых хацінах. Гора таму, хто не меў надзейнага абярога, не пакрапіў прынесенай ад вешчуна вадою дзвярныя вершнікі. Непрадбачлівы чалавек трапляў у кіпцюры да бязлітасных ліхадзеек, кожная з якіх мела сваё імя і мучьша хворага на свой капыл: Трасея трэсла, Агнея паліла жарам, Лядзея змушала калаціцца ад холаду, Гняцея гняла і адбірала смак да едзіва, Грудзея ўскоквала на грудзі, прымушаючы чалавека хрыпець і керхаць, Ілухея закладвала вушы, Ламея ламала косці і круціла сярэдзіну, Ілядзея не давала заснуць, прыводзіла з сабою нячысцікаў што пазбаўлялі чалавека розуму… Самая страшная – найстарэйшая сястра Навея. Калі яна завалодае хворым, усялякая надзея на паратунак знікне, і чалавек хутка ператворыцца ў нябожчыка – наўца.
Канчаткова забірала жыццё агідная багіня смерці Яга, з дзяцінства да дрыжыкаў знаёмая нам з чарадзейных казак. Той, хто хоць здалёк убачыць Ягу, страціць мову; той, да каго яна дакранецца, непазбежна памрэ. Кашчавая, як і Пярун, вымагала крывавых прынашэнняў. Аўтар выдадзенай у 1855 годзе ў Санкт-Пецярбургу кнігі «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» Міхаіл Без-Карніловіч сцвярджае, што побач са святыняю ў гонар Перуна на Валовай азярыне ў Полацку стаяла і капйпча Ягі. Гэтыя звесткі пацвярджае наш знакаміты гісторык, этнограф і археолаг XIX стагоддзя Адам Кіркор.
У хаўрусе з Ягою зазвычай дзейнічалі аднавокае Ліха, Кадук, Карачун, а яшчэ той самы казачны Кашчэй, вядомы ўсходнім славянам, мяркуючы па былінах і археалагічных знаходках з яго выяваю, не пазней чым з IX стагоддзя. Тысячу гадоў таму ў хатах над Палатою бабулі баялі ўнукам пра гэтую каларытную асобу амаль такія ж казкі, якія чулі ў дзяцінстве мы з вамі. Можна ўявіць, як бабуля садзіла малога на калені, брала касцяны грабянец-абярог і, чэшачы ўнучку заблытаныя кудзеры, перад казкаю загадвала загадку: «Цар Канстанцін гоніць коні цераз тын».
У тагачаснага Кашчэя было не толькі прозвішча – Бессмяротны, але і забытае цяпер імя па бацьку – Трыпятовіч. Сюжэт жа і герояў мы добра ведаем. Смелы ды зухаваты хлопец вызваляе з палону ў Кашчэя царэўну, аднак, каб перамагчы паганага, трэба знайсці яго смерць. Кашчэй адно прыкідваецца неўміручым: на дне мора ці на выспе сярод хваляў ляжыць скрыня, у скрыні – заяц, у зайцы – качка, у качцы – яйка, а ў яйку – нарэшце Кашчэева смерць. Шукаючы яе, юнак абавязкова патрапіць на гасціны да Бабы Ягі. Жыве тая ў вясёлай лясной мясціне, закіданай людскімі косткамі. Ягіна хаціна, абторканая дванаццаццю (відаць, па колькасці бабіных памагатых – ліхаманак) вастраколінамі,