Другі раз бацька плакаў, калі канаў ад раку і ніяк ня мог памерці, бо яго магутнае сэрца, жывучы асобным жыцьцём, не хацела спыняцца й празь месяц пасьля таго, як ён ужо нічога ня еў.
У апошнія дні ён гаварыў са мною так, як і я зь ім – па-беларуску.
Нібы нешта амаль неверагоднае, я ўспамінаю, што аднаго разу бацька прачытаў мне свой верш. Колькі радкоў зь яго я магу ўзгадаць і сёньня. Ня буду цытаваць іх, бо да літаратуры яны маюць дачыненьне прыкладна такое самае, як і шматлікія творы вядомага паэта-ляўрэата М. Мяне ўражвае сам факт: мой бацька пісаў вершы!
Цяпер я перакананы, што гэта быў чалавек значна больш глыбокі і незалежны, чым некалі мне ўяўлялася.
Аднойчы, калі вецер раскідаў похапкам зладжаны ў нас на Дзьвіне пантонны мост і мы з бацькам стаялі на беразе й глядзелі на людзкую мітусьню, ён зь непраніклівым тварам прамовіў вершаваную фразу з свае маладосьці: «Течет вода Кубань-реки, куда велят большевики».
Калі тата быў ужо на Божай пасьцелі, я папрасіў, каб ён – калі чалавечае існаваньне доўжыцца й там – паспрабаваў даць мне нейкі знак, напрыклад, затэлефанаваў бы ў дзень майго нараджэньня. Я баяўся, што ён абразіцца, але тата нечакана сустрэў маю просьбу з усьцехаю.
Яму не ўдалося дазваніцца, ды праз колькі тыдняў ён – ужо адтуль – дапамог мне ў цяжкія дні.
Гэтыя дні пачаліся з таго, што вахцёрка нашага студэнцкага інтэрнату ўвечары паклікала мяне да камэнданта, дзе нібыта чакаў бацькаў сябра. Візытант аказаўся чалавекам зь невыразным абліччам – з тых, якія празь пяць хвілінаў пасьля сустрэчы надзейна сьціраюцца з памяці. Адзінай адметнасьцю ягонага твару былі маленькія бясколерныя вочкі-сьвярдзёлкі (ці, можа, дакладней, іголкі ад шпрыцоў), чые дотыкі-ўколы я адчуваў амаль фізычна. Абколваючы мяне з галавы да пятаў, госьць паказаў чырвоную «корачку», зь якой вынікала, што сярод бацькавых сяброў пракідаліся й маёры камітэту дзяржбясьпекі.
Далей размова адбывалася прыкладна так:
– Орлов?
– Арлоў.
– Владимир Алексеевич?
– Уладзімер Аляксеевіч.
– Родились в Полоцке тогда-то и тогда-то.
З гэтага моманту пытальнікі ў канцы сказаў зьніклі.
– Окончили школу в Новополоцке в 1970 году.
– Жили на улице имени такого и такого в доме номер такой-то, квартира такая-то. Мать – Мария Максимовна. Учительница истории.
Мой візаві перайшоў амаль на тэлеграфны стыль. Я ўжо не пацьвярджаў, а толькі слухаў чамусьці вядомыя яму зьвесткі з майго жыцьця.
Мне было дваццаць гадоў. Пад матрацам майго панцырнага інтэрнацкага ложка ляжаў зачытаны нумар «Роман-газеты» з «Адным днём Івана Дзянісавіча» толькі што выкінутага з краіны А. Салжаніцына. Насупраць сядзеў не анэкдотны (товарищ майор, организуйте чайку), а самы сапраўдны таварыш маёр, які вёў знаёмы зь літаратуры й кінафільмаў клясычны допыт.
Апрача думак пра «Івана